А. Дубовік: “У дзяржавы і Царквы агульная задача – адвесці чалавека ад бяды”
Опубликовал

А. Дубовік: “У дзяржавы і Царквы агульная задача – адвесці чалавека ад бяды”

9 лютага адбылася сустрэча старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка з благачынным цэркваў Дзятлаўскай акругі Іаанам Кісялём і ксяндзом-пробашчам Дзятлаўскай парафіі Здзіславам Пікулам.

Размова вылілася ў канструкцыйны змястоўны дыялог. Вызначылі агульныя інтарэсы і накірункі супрацоўніцтва паміж кіраўніцтвам раёна і духавенствам па шэрагу пытанняў, якія тычацца ўзаемадзеяння ў фарміраванні сацыяльнага і духоўнага здароўя насельніцтва, маральнага выхавання падрастаючага пакалення, захавання інстытута сям’і, прафілактыкі правапарушэнняў, п’янства і алкагалізму, абортаў.

Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў дзяржавы і Царквы агульная задача – адвесці чалавека ад бяды.

Ксёндз Здзіслаў зазначыў, што асабліва апекавацца трэба аб дзецях і моладзі, бо вера і асноўныя духоўныя законы для чалавека закладваюцца ў маленстве, найчасцей – у сям’і. Дзеці бяруць прыклад з бацькоў, бяда, калі ён негатыўны. Тады распаўсюджваецца п’янства, падае нараджальнасць. Служыцелі царквы, выкарыстоўваючы свой аўтарытэт, заклікаюць вернікаў жыць па запаведзях Божых. У наш час у святара шэраг важных задач – зберагчы моладзь ад негатыву, данесці да бацькоў, што адно дзіця – гэта, лічы, “сіротка”, аборт – забойства чалавека, а п’янства – грэх, які павінен пераадольваць сам чалавек пры духоўнай падтрымцы свяшчэннаслужыцеля.

Айцец Іаан згодны, што ўмацаванне інстытута сям’і магчыма толькі шляхам стварэння абстаноўкі непрыяцця п’янства, распушчанасці, маральнай дэградацыі асобы ў нашым грамадстве. Неабходна аб’ядноўваць намаганні Царквы, улады, грамадскасці супраць гэтага зла. Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі расказаў, што збіраецца запрасіць у раён для сустрэчы з навучэнцамі школ святара Навагрудскай епархіі айца Пятра. Ён мае медыцынскую адукацыю і расказвае моладзі пра грэх абортаў, як доктар і служыцель царквы, нават падрыхтаваў тэматычную выставу, а цяпер стварае яшчэ адну не менш значную пад назвай “Целомудрие”.

Праваслаўны і каталіцкі святары зазначылі, што гатовы да плённага супрацоўніцтва з кіраўніцвам раёна па праблемных пытаннях.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка падзякавала ім за ранейшае супрацоўніцтва, пазнаёміла з планам мерапрыемстваў на бліжэйшы час, заклікала ўносіць цікавыя прапановы і падкрэсліла, што асноўная задача на 2018 год – прафілактыка негатыўных з’яваў у грамадстве.

Ірына КАЎКЕЛЬ

1 0 235 09 Февраль, 2018 Раённыя падзеі Февраль 9, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *