Абмеркавалі планы, ушанавалі актывістаў
Опубликовал

Абмеркавалі планы, ушанавалі актывістаў

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў цёплай сяброўскай атмасферы за кубачкам чаю прайшла чарговая сустрэча ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Нам гады не бяда”. На ёй прысутнічала пераважная большасць наведвальнікаў клуба. Загадчыца аддзялення Галіна Касцюк прапанавала не толькі цікава, але і карысна правесці час, абмеркаваць галоўныя накірункі дзейнасці.

Галіна Эдвардаўна адзначыла, што работа аб’яднання ў 2017 годзе была актыўнай: ладзілася шмат экскурсій і паездак, была арганізавана валанцёрская дзейнасць, рэалізаваны некалькі сацыяльна значных праектаў, цікава праходзілі святы. Пра ўсё гэта можна даведацца, зазірнуўшы на старонку клуба “Нам гады не бяда” ў сацсетцы “Аднакласнікі”, раённую газету “Перамога” або ў спецыяльны альбом, які вядзецца з дня заснавання аб’яднання.

Справы наведвальнікаў клуба не засталіся па-за ўвагай жыхароў раёна. Дзякуючы гэтаму, у клубе з’явіліся “навабранцы” – Зінаіда Конан і Лілія Бівойна. Наперадзе ў іх шмат цікавых падзей. А вось самымі актыўнымі па выніках 2017 года былі Валянціна Катвіцкая, Ірына Варабей, Надзея Бяржаніна, Ганна Жадзейка, Ядзвіга Гушча, Ганна Гуз, Вячаслаў Буднік, Наталля Лазука. За гэта яны атрымалі невялікія, але прыемныя падарункі ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, якая паклапацілася і аб салодкіх пачастунках да стала.

Песенна-забаўляльную праграму для людзей залатога ўзросту падрыхтавалі артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і Дварэцкага дома культуры – Ганна Харлінская, Ірына Цяцерына, Ірына Бакшук, Аляксандр Раеўскі.

Удзельнікам клуба прапанавалі паслухаць гараскоп з характарыстыкай кожнага знака, заклікалі паўдзельнічаць у гульнях і нават станцаваць. Песнямі і добрымі словамі павіншавалі імяніннікаў месяца – Вячаслава Будніка і Ганну Жадзейка.

Напрыканцы сустрэчы Галіна Касцюк расказала аб бліжэйшых планах клуба, сярод якіх паездка ў Сынкавічы і Жыровічы, праект “Другое жыццё джынсавых рэчаў”, мерапрыемствы да Дня Святога Валянціна і 23 лютага.

Ірына КАЎКЕЛЬ

2 0 313 05 Февраль, 2018 Сацыяльная сфера Февраль 5, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *