Прагрэс Аляксандра Дубко

Падзеі

З 2012 года ў Гродзенскай вобласці прысуджаецца штогадовая прэмія імя Аляксандра Дубко навучэнцам сярэдніх, прафесійна-тэхнічных, сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установаў за дасягненні ў вучобе, спорце і творчых конкурсах. Яе лаўрэатамі сталі і 10 дзятлаўчан.

З 2001 года (заснавана ў 1998 годзе) штогадовая прэмія Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” носіць імя Аляксандра Дубко.

З 2002 года ў Гродне праводзіцца Міжнародны турнір па хакеі памяці Аляксандра Дубко.

З 2014 года імя Аляксандра Дубко носіць Міжнародны турнір па баскетболе.

Імем Аляксандра Дубко названа вуліца ў Гродне.

Хто ён, Аляксандр Дубко?

Мой расказ кагосьці з ім пазнаёміць, камусьці паспрыяе для асабістых успамінаў пра ўвогуле не такую ўжо і далёкую мінуўшчыну.

Месца, час, людзі

У лёсе Аляксандра Дубко найлепшым чынам сышліся тры складнікі – месца, час, людзі.

1972 год. Назва беларускага горада Гродна, даволі сціплага на еўрапейскай карце, гучыць з усіх радыё і тэлепрыёмнікаў, мільгае на палосах друкаваных выданняў усяго свету: выхаванка трэнера Рамуальда Кныша Вольга Корбут на Мюнхенскіх Алімпійскіх гульнях здзіўляе свет нябачанай да таго часу гімнастыкай. Гэтую адчайна смелую дзяўчынку назавуць цудам. У сусветнага цуда – гродзенская прапіска. Корбут і Кныш – гродзенцы. Іх поспех натхняе: мы можам!

У такой атмасферы кіраўніком вобласці – першым сакратаром Гродзенскага абкама КПБ (а партыя тады кіравала ўсім) становіцца Леанід Кляцкоў. Моцны і мудры чалавек. Чалавек-глыба – такое асабіста ў мяне засталося ад яго ўражанне. Пры ім раслі і выраслі многія кіраўнікі. Якую Кляцкоў ствараў атмасферу для росту, мяркуйце хоць з гэтага прыкладу. Пры ім у абкаме партыі сакратаром працаваў Уладзімір Сямёнаў, курыраваў прамысловасць і эканоміку. Высокую прафесійную дасведчанасць Сямёнаў спалучаў з інтэлігентнасцю, што не проста падабалася, а падкупляла людзей на розных сацыяльных паверхах. Сямёнаву, мінуючы Мінск, прапанавалі высокую пасаду ў Маскве. На субяседаванні ў Маскве ён задаў пытанне: ці будуць створаны яму для работы такія ж умовы, як пры Кляцкове? Адказалі: не. І Сямёнаў адмовіўся ад высокай прапановы, вярнуўся ў Гродна.

У тым жа 1972 годзе старшынёю калгаса “Прагрэс” у Гродзенскім раёне стаў Аляксандр Дубко.

Тут, акрамя Кляцкова, варта ўзгадаць яшчэ адно, менш гучнае, але на той час значнае імя – Антаніна Белякова. Яна шмат гадоў узначальвала Гродзенскі райкам КПБ, і гэта пры ёй сцвярджалася тая сістэма падбору і выхавання кадраў, якую пазней назавуць “гродзенскай школай”. Асновай сістэмы, школы была традыцыя, якую ашчаджалі і напрацоўвалі многімі гадамі. Трапіўшы ў асяродак гэтай традыцыі, чалавек не мог працаваць абы-як, ён імкнуўся да лепшага, шукаў яго і знаходзіў. А тады ўжо і поспех знаходзіў чалавек. Адным з такіх паспяховых людзей стаў Аляксандр Дубко.

Загартоўка для жыцця

Вы заўважалі, што многія паспяховыя спартсмены, да прыкладу – выхадцы з вёскі. Здаецца, там мізэр ці поўная адсутнасць спецыялізаваных магчымасцяў для развіцця, а людзі вырастаюць у значныя постаці. У чым сакрэт? Сакрэту, лічыце, і няма: вяскоўцаў гартуе жыццё без песты.

Аляксандр Дубко нарадзіўся (14 студзеня 1938 года) у вёсцы Ілава на Віцебшчыне. Гадаваўся без бацькі. Бацьку страціў праз два месяцы пасля нараджэння. Іосіфа Дубко, старшыню сельскага савета, расстралялі за тое, што …абарціравала калгасная кабыла. Многа пазней ужо дарослы сын атрымае паведамленне, што бацька рэабілітаваны поўнасцю.

Гады дзяцінства Аляксандра, у якія і закладваюцца асновы асобы, прыпадуць на суровы ваенны час, якому не ўласцівыя сантыменты. Не вялікую палёгку дадуць і пасляваенныя гады – халаднаватыя і галаднаватыя. Гадаваць Аляксандра будуць маці і лес. Беларускі лес і падкормліваў, і абаграваў. Кажуць, Дубко не мог заблукаць аніўякім лесе – выдатна чытаў яго арыенціры, разумеў яго мову і проста быў з ім аднае крыві. Вёска і лес сфарміравалі яго ў дужага хлопца і неблагога спартсмена – быў спартыўным лідарам школы, захапляўся футболам, валейболам. Спорт, заўважу наперад, не аднаго разу карэктаваў яго лёс. І вось першы з прыкладаў: выпускніка Гродзенскага сельгасінстытута, які актыўна засвойваў тут веды па аграноміі, пры спрыянні рэктара размеркавалі на першае працоўнае месца ў прыгарадны Гродзенскі раён, каб не страціць… спартсмена для інстытуцкай зборнай па баскетболе.

Шэсць гадоў Аляксандр практычна асвойваў аграномію на розных пасадах у вучэбнай гаспадарцы “Станіславова”, урэшце ўзначаліў яе.

За тры гады кіравання гаспадаркай належным чынам “паказаўся” аграрнаму кіраўніцтву вобласці, і ў 1966-м Аляксандра Дубко прызначылі начальнікам Бераставіцкага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Калгасы там былі рознага ўзроўню паспяховасці, і ў высокага начальства натуральна ўзнікла думка, што галоўная прычына рознапаспяховасці – суб’ектыўная.

Вы там хуценька прыглядзіцеся да людзей, сказалі, і складайце спіс на звальненне. Праз які месяц, пытанне: каго звальняць? Ды нікога, адказаў Дубко, восень пацвердзіць. Аказалася, што першапрычына адсталасці той-другой гаспадаркі зусім не суб’ектыўная. Прычыны – розныя.

Разабраўшыся без панікі і глуму, пачалі праз розныя захады падцягваць адсталых. І за чатыры гады амаль на трэць павялічылі ў раёне ўраджайнасць асноўных сельгаскультур.

Паспяховаму Аляксандру Дубко прапанавалі новую пасаду – дырэктара спецыялізаванага трэста малочна-агароднінных саўгасаў Гродзенскай вобласці. Гэта было ў 1970 годзе. А яшчэ праз два гады небеспаспяховага кіраўніцтва яму паступіла даволі нечаканая прапанова ўжо згаданай Антаніны Беляковай узначаліць калгас “Прагрэс”.

Пасля трэста ў межах цэлай вобласці – усяго адзін калгас. Што гэта?

“Касмічны” “Прагрэс”

Касмічны ён з майго асабістага ўражання. Упершыню на свае вочы “Прагрэс” у Верцялішках я ўбачыў у 80-я гады. Усе іншыя тагачасныя ўражанні сцерліся, засталося ў памяці адно – ад дыспетчарскага цэнтра гаспадаркі. На той час я ўжо наглядзеўся на дыспетчарскія бакоўкі ў калгасах з замусоленым дыскам тэлефоннага апарата і хрыплаю (ледзь не з кашлем) рацыяй. У Верцялішках быў пульт – шырачэзны, з мноствам рычажкоў, кнопак, клавішаў, рознакаляровых індыкатараў, ледзь не поліфанічных дынамікаў. У параўнанні з раней бачаным – космас! Карцінка выдатна ілюстравала ўзровень развіцця сельгаспрадпрыемства. “Прагрэсаўская” лагістыка (тады яшчэ не ўжывалі гэты тэрмін, але функцыя пад яго існавала самым рэальным чынам) была арганізавана на самым-самым узроўні.

Што такое “Прагрэс” 1972 года? Трынаццаць гадоў яго ўзначальваў чалавек з гучным імем – Фёдар Сянько. У 1971-м ён стаў Героем Сацыялістычнай працы і лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. За стварэнне новага віду калгаснай сядзібы катэджнага (ужо забываецца гэты тэрмін, а некалі быў штодзень на слыху) тыпу з поўным пакетам аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

Сянько атрымаў павышэнне – яго прызначылі першым намеснікам старшыні аблвыканкама (а вяршыняй яго кар’еры, дарэчы, стане пасада намесніка Старшыні Савета Міністраў СССР).

Прапанаваную Беляковай кандыдатуру на новага кіраўніка “Прагрэса” Сянько падтрымаў.

Але як увогуле ўзнік гучны “Прагрэс” у беларускіх Верцялішках? На аснове ідэі стварэння магутных і эфектыўных сельгаспрадпрыемстваў сусветнага ўзроўню ў нашых шыротах.

Асноўнымі пляцоўкамі для эксперымента выбралі гаспадаркі Гродзенскай (у Беларусі) і Палтаўскай (ва Украіне) абласцей. Тут былі перадумовы для паспяховай рэалізацыі ідэі: урадлівая глеба, добра вывучаныя і з практычным вопытам работы кадры кіраўнікоў і спецыялістаў, і ці не генетычная схільнасць мясцовага люду да працы на зямлі.

Заставалася па-гаспадарску і па-майстэрску распарадзіцца гэтым патэнцыялам. Аляксандр Дубко змог. І цяпер пры згадцы яго імя найперш прыпамінаеш “Прагрэс”, а называючы “Прагрэс”, згадваеш Дубко. Поспех “прагрэсаўцы” нарошчвалі праз расшырэнне сельгаспрадпрыемства, разнапланавае будаўніцтва на аснове актыўнага засваення новых тэхналогій. Яны ж распачалі і навуковае праграмаванне ўраджаю. Шэсць ВНУ і навукова-даследчых інстытутаў працавалі на “Прагрэс”, больш дакладна – супрацоўнічалі з ім. На палетках “Прагрэса” праходзілі выпрабаванне і знаходзілі сталую прапіску навуковыя распрацоўкі і прапановы Гродзенскага сельгасінстытута, Беларускага інстытута механізацыі, вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш”, навукова-даследчага інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук Беларусі, Рыжскага (Латвія) спецыяльнага канструктарскага бюро.

За 23 гады кіравання “Прагрэсам” Аляксандра Дубко сельгаспрадпрыемства павялічылася ў пяць разоў, стала па-сутнасці аграхолдынгам. Стабільна раслі тэхналагічныя паказчыкі і эканамічныя вынікі гаспадарання. Пазітыўная стабільнасць, як па-мойму, самым найлепшым чынам вызначае стан прадпрыемства.

Чалавечнасць

Дадзім слова цяперашняму кіраўніку СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Васілю Равяку:
– Дубко вылучаўся сярод старшыняў сельгаспрадпрыемстваў. Вельмі цікавы чалавек, неардынарная і маштабная асоба. Вызначаўся чалавечнасцю, з разуменнем і павагаю ставіўся да людзей.

Васіль Равяка, зменшчык Дубко ў “Прагрэсе”, і сам цікавая асоба. Сведчу пра гэта на аснове асабістага ўражання ад гутарак з ім пры розных нагодах, няхай і не вельмі працяглых. Яго выказванне не толькі паважліва-кампліментарнае.

Вынік не дзеля выніку, прыгожай справаздачы, лічбаў на паперы, а дзеля дабрабыту людзей, якія гэты вынік ствараюць – крэда сённяшняга кіраўніка “Прагрэса-Верцялішак” Васіля Равякі, засвоеная і ад Дубко спадчына.

Ад таго ж Равякі чуў, што Дубко рэдка калі памыляўся ў людзях, даволі хутка вызначаючы, на што здатны чалавек. І тут, між іншым, не абыходзілася без уплыву спорту. Івана Галавенку, цяпер вядомага на ўсю Беларусь галоўнага агранома “Прагрэса-Верцялішкі”, Дубко заўважыў на… спартыўных зборах футбалістаў. Перспектыўнасць Васіля Равякі (ужо Героя Беларусі) Дубко “вылічыў” на ўзроўні практыканта сельгасінстытута, адразу прызначыўшы начальнікам комплекса. Міхаілу Сухоцкаму даручыў закладку новага саду, і плантацыя стала тэхналагічным узорам прамысловага ўзроўню.

Лідар вобласці

1994 год. Мутныя 90-ыя. Аляксандр Дубко прызначаны на кіраўніцтва вобласцю – старшынёю Гродзенскага аблвыканкама. Галоўная задача прад ім – пераадоленне эканамічнага спаду. Задача выканана. Высокая культура земляробства і ўмелая праца аграрыяў трывала сцвердзілі Гродзеншчыну ў статусе аграрнага лідара Беларусі. Развівалася прамысловасць і сацыяльная сфера рэгіёна. З лёгкай рукі Аляксандра Дубко распачата і хутка завершана будаўніцтва Лядовага палаца ў Гродне. Задумана будаўніцтва ўніверсальнай спартыўнай залы і ўніверсітэцкага гарадка.

Не ўсё збылося. Не паспеў. Яго ўжо хворае сэрца спынілася 4 лютага 2001 года.

Першая захавальніца яго памяці – жонка Эма Дубко. Пазнаёміў іх ізноў-такі спорт: на інстытуцкай спартакіядзе Аляксандр і Эма гулялі ў баскетбол за каманды сваіх курсаў.

Пажаніліся яны праз два гады. “Мы ўсё жыццё ўсё рабілі разам, – прызнаецца Эма Дубко, – усё важнае вырашалі разам, ён не хаваў ні сваіх праблемаў, ні поспехаў. А калі яго ўзнагародзілі “Залатой Зоркай” (Герой Сацыялістычнай Працы СССР), ён любіў паўтараць: “У Зоркі пяць прамянёў. Тры з іх твае, жонка!”.

Пасмяротна Аляксандр Іосіфавіч Дубко ўзнагароджаны званнем Героя Беларусі.

Барыс ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *