Алкаголь: што забараніць, што дазволіць?

Эканоміка і сельская гаспадарка

У Міністэрстве ўнутраных спраў працуюць над праектам указа Прэзідэнта «Аб пытаннях рознічнага гандлю алкагольнымі, слабаалкагольнымі напоямі і півам». У ведамстве прапануюць не прадаваць алкаголь з 23 да 9 гадзін, а ў магазінах з плошчай гандлёвай залы 1000 метраў квадратных і больш адвесці для алкаголю асобную залу. Акрамя таго, сярод прапановаў — павялічыць узрост, калі маладым людзям дазволена набываць алкаголь, з 18 да 21 года, забараніць гандаль спіртным на запраўках.

Карэспандэнтка газеты «Перамога» даведалася меркаванне наконт новага ўказа ў галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Алены Чайкоўскай.

— Лічу, што прыняцце Указа Прэзідэнта «Аб пытаннях рознічнага гандлю алкагольнымі, слабаалкагольнымі напоямі і півам» стане эфектыўнай мерай у абмежаванні даступнасці алкагольнай прадукцыі для насельніцтва, асабліва для маладых людзей.

Аналіз сямейнага недабрабыту паказвае, што злоўжыванне спіртнымі напоямі з’яўляецца найбольш частай прычынай неналежнага выканання бацькамі сваіх абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні непаўналетніх дзяцей і, як вынік, прызнання сям’яў сацыяльна ненадзейнымі або прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Такім чынам расце сацыяльнае сіроцтва, калі бацькі пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў на дзяцей.

У наш час вялікія намаганні затрачваюцца на прафілактыку і папярэджанне негатыўных з’яваў, звязаных са злоўжываннем спіртнымі напоямі. Гэта правапарушэнні і злачынствы, сямейна-бытавыя скандалы, гвалт у сем’ях, сямейны недабрабыт. Таму дзяржаўнае рэгуляванне пытання, звязанага з гандлем алкагольнымі напоямі, будзе садзейнічаць фарміраванню здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва, павышэнню прэстыжу сямейнага дабрабыту, годнаму выхаванню дзяцей.

Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *