Адкрыццё капліцы ў бальніцы горада Дзятлава

Падзеі

Адметная падзея адбылася ў Дзятлаўскай раённай бальніцы – адкрыццё капліцы. Благаславіць яе прыехаў дапаможны ксёндз-біскуп Юзаф Станеўскі з горада Гродна. Таксама прысутнічалі сёння ксёндз Віктар Гайдукевіч з горада Мінска, ксёндз Віктар Захарэўскі з аграгарадка Раготна, сёстры-назарэтанкі, ксёндз Аляксандр, ксёндз-пробашч Дзятлаўскай парафіі Здзіслаў Пікула.

Паважанага біскупа Юзафа Станеўскага пад гукі Наваельнянскага духавога аркестра сустракалі пры ўездзе на тэрыторыю Дзятлаўскай бальніцы. Павітаў яго ксёндз Здзіслаў, потым намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, які ўручыў букет кветак, і галоўны доктар раённай бальніцы Марыя Максімовіч, якая сустрэла госця хлебам-соллю. Вернікі-каталікі віталі гасцей яловымі галінкамі.

У актавай зале бальніцы, дзе сабраліся на святую імшу і прыезджыя госці, і прыхаджане Дзятлаўскай парафіі,
павітаў усіх прысутных ксёндз Здзіслаў. Далучыўся да словаў прывітання біскуп Юзаф Станеўскі, падзякаваў за запрашэнне і дадаў: “Усе ідуць да Бэтлеема, каб пакланіцца Пану Езусу. Сёння можам назваць Бэтлеемам і гэтае месца ў бальніцы, дзе народзіцца Хрыстус і застанецца тут. Кожны, хто шукае да яго дарогу, хто просіць дапамогі, зможа прыйсці і пакланіцца яму”. Падзякаваў людзям у белых халатах, якія тут штодня трываюць у сваім пакліканні, дапамагаюць людзям.

У супольнай малітве ўсе прысутныя папрасілі міласці і дапамогі Божай.
Біскуп Юзаф узгадаў тыя далёкія часы, калі нарадзіўся Сын Божы, калі прыйшлі Яго павітаць і пастушкі, і каралі: “І з таго часу чалавек ідзе да Пана Бога, нашага Збаўцы. Ён прыйшоў, каб нас вызваліць з няволі граху. Ён дае нам супакой і радасць”.

Ксёндз-біскуп нагадаў, што ў многіх бальніцах, вязніцах ёсць капліцы, каб чалавек меў месца, магчымасць звярнуцца да Пана Бога. Менавіта прысутнасць капліцы, прысутнасць Бога ў такіх месцах вельмі важная і значная. Нават уначы ў капліцах заўсёды нехта ёсць, хто моліцца, звяртаецца да Бога. І тады лягчэй яму з Езусам ісці на аперацыйны стол, а доктару – браць у рукі скальпель.

“Сёння тут пачынаецца новая гісторыя. Але ці зменіцца падыход да дактароў, пацыентаў, залежыць ад нас. Няхай гэтае святое месца будзе месцам поўнага даверу Езусу Хрысту нашага жыцця. І з верай будзем прасіць, каб Ён учыніў тую ласку, якая нам найбольш патрэбная, каб мы нашае хрысціянскае жыццё, нашае пакліканне маглі рэалізаваць на гэтай зямлі”, — дадаў Юзаф Станеўскі.

Напрыканцы святой імшы ўсе прысутныя ў зале перадалі адзін аднаму знак супакою, паціснуўшы рукі.
Ксёндз Здзіслаў Пікула падзякаваў усім, хто сёння сабраўся ў бальніцы ў такі важны для Дзятлаўскай парафіі дзень, заклікаў усіх у цяжкую хвіліну ісці да Пана Езуса. Запрошаныя госці атрымалі ад яго падарункі.

Галоўны доктар бальніцы Марыя Максімовіч таксама адзначыла важнасць сённяшняй падзеі, выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў пасільны ўдзел у адкрыцці капліцы, пажадала здароўя, Божага благаславення, апеку Маткі Боскай. Ксяндзу-біскупу яна падарыла на памяць аб Дзятлаўскім прыходзе і бальніцы фігуру анёла-ахоўніка.

Біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў за капліцу, што дазволілі і адкрылі тут яе. Асабліва падзякаваў дактарам, нагадаў, што гэта менавіта Езус Хрыстус пасылае дактароў да людзей, каб ім дапамагаць і ратаваць. Падзякаваў ксяндзу Здзіславу за яго руплівасць і намаганні ў адкрыцці капліцы.
Затым святары і госці падняліся на трэці паверх бальніцы, дзе размяшчаецца капліца Маткі Божай з Люрд. Біскуп Юзаф Станеўскі благаславіў яе.
У актавай зале дзеці паказалі сцэнку аб нараджэнні Хрыста, якая яшчэ раз пацвердзіла, наколькі ўсемагутны Гасподзь, бо Яму прыйшлі пакланіцца не толькі пастушкі, але і каралі. Галоўны доктар бальніцы падзякавала дзецям і пачаставала іх цукеркамі.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Юліі БАКУНОВІЧ

Стоит почитать:

Радасць Нараджэння Хрыстовага – пажылым людзям



Теги:

3 комментария по теме “Адкрыццё капліцы ў бальніцы горада Дзятлава

  1. Пусть пан Езус помогает врачам и защищает всех больных от тяжелых болезней

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Какое было хорошее открытие. Просто душа радовалась

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  3. Интересно, а провославным можно будет зайти помолиться. Бог ведь один. А в больнице ситуации всякие бывают и в разное время суток особенно у тех, кого близкие в реанимацию попадаюь или операция срочная

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *