Аб сітуацыі з вытворчасцю льновалакна

Падзеі

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці ў ходзе праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў устаноўлена, што дзяржаўная праграма развіцця аграрнага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2016 года №196, згодна з якой штогадовы аб’ём вытворчасці льновалакна ў вобласці павінен складаць 8,7 тысячы тон, не выконваецца на працягу некалькіх гадоў. Больш таго, адбываецца як скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці льнотрасты, так і аб’ёмаў вытворчасці льновалакна. Калі ў 2013 годзе выраблена льнотрасты 23650 тон, то ў 2017 годзе — 16786 тон, або 71%, ільновалакна 7798,1 тоны і 5446 тон у 2017 годзе, або 69,8% да ўзроўню 2013 года.

Не выконваюцца даручэнні кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні выдзялення пад пасевы лёну льнопрыгодных земляў, сеяць лён у агратэхнічныя тэрміны на працягу 10 дзён, уздымаць льнотрасту да 25 верасня і сярэднім нумарам 1,5.

У ходзе кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў былі выяўлены факты сяўбы лёну на ўмоўна прыдатных глебах. Устаноўлены факты сяўбы лёну-даўгунцу пад ураджай 2017 года з выкарыстаннем насення лёну-даўгунцу ніжэй за III рэпрадукцыю, што не адпавядае галіноваму рэгламенту вырошчвання. Не выконваюцца гаспадаркамі дозы ўнясення мінеральных угнаенняў, прадугледжаных галіновым рэгламентам вырошчвання лёну-даўгунцу. Не забяспечана захаванне аптымальных тэрмінаў уборкі лёну. Пралікі ў арганізацыі яго ўборкі адмоўна адбіліся на якасці льнотрасты. Адной з прычын зацягвання тэрмінаў уборкі з’яўляецца непадрыхтаванасць тэхнікі і адсутнасць механізатараў. Таксама ўстаноўлены факты непрыняцця мераў па падрыхтоўцы тэхнікі для ўборкі лёну.

Вынікі кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў па пытанні стану льнаводства ў вобласці разгледжаны на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці. Кантроль за выкананнем даручэння кіраўніка дзяржавы па вырошчванні лёну будзе працягнуты ў 2018 годзе.

Аляксандр САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *