24 студзеня ў Дзятлаве стартаваў раённы турнір «Залатая шайба» ў старэйшай узроставай групе
Опубликовал

24 студзеня ў Дзятлаве стартаваў раённы турнір «Залатая шайба» ў старэйшай узроставай групе

На лёд, гатовыя да спартыўнага паядынку марозным ранкам, рашуча выйшлі каманды Дзятлаўскай сярэдняй школы №1, сярэдняй школы №3, гімназіі №1 горада Дзятлава, каманды Казлоўшчынскай, Наваельнянскай, Гезгалаўскай сярэдніх школ.

У мінулым годзе ў першынстве перамагла каманда СШ №3, таму капітану каманды было прадастаўлена права падняць дзяржаўны сцяг.

Пасля таго, як прагучаў гімн Беларусі, турнір «Залатой шайбы» абвясцілі адкрытым.

Цырымонія адкрыцця прайшла пры ўдзеле старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка, начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алега Андрэйчыка, дырэктара Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Гродзенскай вобласці Аляксандра Курловіча, намесніка старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігара Кухарэвіча, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Наталлі Белаус.

Аляксандр Дубовік павіншаваў з адкрыццём турніру ўсіх удзельнікаў, трэнераў і балельшчыкаў. Старшыня раённага выканаўчага камітэта адзначыў, што хакеісты раёна забяспечаны неабходным спартыўным інвентаром.

— А калі чагосьці не хапае — дакупім, — дадаў Аляксандр Міхайлавіч.

Вядома, ён пажадаў удзельнікам турніру перамог і ўсклаў надзеі на тое, што ў будучыні яны стануць чэмпіёнамі краіны і — а чаму і не?! – свету.

Віншаванні і пажаданні Аляксандра Дубовіка падтрымаў начальнік ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык. Ён адзначыў, што Дзятлаўскі раён з’яўляецца адным з вядучых у турніры «Залатая шайба», раённыя каманды неаднаразова станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

А потым быў хакей, пакуль лёд на адкрытай пляцоўцы не растаў, бо на заўтра сіноптыкі мароз не гарантавалі.

 

Юлія Бакуновіч.

Фота аўтара

1 0 367 24 Январь, 2018 Спорт і турызм Январь 24, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *