Ёсць такая прафесія — людзям дапамагаць
Опубликовал

Ёсць такая прафесія — людзям дапамагаць

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшоў урачысты сход сацыяльных работнікаў, занятых надомным абслугоўваннем, прымеркаваны да прафесійнага свята. Для тых, хто, забываючыся на ўласныя клопаты і праблемы, дапамагае пажылым людзям і інвалідам, хто нясе ў іх дамы святло дабрыні і міласэрнасці, гучалі песні, віншаванні і пажаданні. У зале сабраліся жанчыны, большасць з якіх працуюць у аддаленых маланаселеных вёсках. Кожная сацыяльная работніца абслугоўвае па 10-12 пажылых грамадзян.
Урачысты сход адкрыла вядучая Алена Майсюк. Песні, пажаданні і добры настрой сацыяльным работніцам дарылі Ганна Харлінская, Таццяна Дудкіна, Аляксандр Саалятэ, Таццяна Загорцава, Галіна Сушко.

З прафесійным святам, а таксама Новым годам і Калядамі прысутных павіншавала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Таццяна Нікіпорчык.

— Шаноўныя жанчыны, вашу працу складана пераацаніць. Менавіта вы дапамагаеце людзям у складаных жыццёвых сітуацыях. Дзякуючы вам яны атрымліваюць магчымасць жыць паўнацэнна. Азірніцеся, колькі ветлівых усмешак вы збіраеце, прыцягваючы людзей добрымі адносінамі, сардэчным цяплом, душэўнай упэўненасцю у тым, што ніхто на зямлі не павінен быць адзінокі.

Мы ад шчырага сэрца дзякуем вам за вашу працу, за ненармаваны рабочы дзень, за неспакойную душу, за клопат аб неабароненых людзях. Дзякуем за тое, што вашы сэрцы адкрыты, і для вас няма чужых гора і болю, што праблемы знаёмых і незнаёмых людзей вы прымаеце як асабістыя.

Дык няхай за вашу дабрыню лёс шчодра надзеліць вас шчаслівым сямейным жыццём, вялікім каханнем, моцным здароўем, мноствам радасных дзён.

Напрыканцы сустрэчы сацыяльныя работніцы атрымалі падарункі да прафесійнага свята і навагоднія падарункі. Лепшыя ў прафесіі былі адзначаны ўзнагародамі. За шматгадовую добрасумленную працу, дастойную арганізацыю і правядзенне абласнога фестывалю творчасці маладых інвалідаў «Калі мы разам — мы мацнейшыя» Падзячным пісьмом раённага выканаўчага камітэта адзначана дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. За добрасумленную працу і ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў Падзячныя пісьмы райвыканкама атрымалі сацыяльныя работніцы Тамара Бонда, Алена Угрын, Ірына Драздова, Ядзвіга Ненартовіч, Таццяна Скерсь, Валянціна Кавальчук.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара

Стоит почитать:

Паважаныя работнікі сістэмы сацыяльнай абароны! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з прафесійным святам.

1 0 300 05 Январь, 2018 Раённыя падзеі Январь 5, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *