Харчовая бяспека краіны. У Дзятлаўскім раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання
Опубликовал

Харчовая бяспека краіны. У Дзятлаўскім раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання

Сёння ў раёне адбыўся Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Яго тэма – “Харчовая бяспека – складовая частка нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і ключавая ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы. Перспектывы развіцця харчовага комплексу краіны”. Працоўныя калектывы наведалі абласная і раённыя інфармацыйныя групы.

У Дварцы працавала адна з раённых інфармацыйных груп пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталлі Калодка. З дакладам па названай тэме Адзінага дня ў Дварэцкім доме культуры і Дварэцкім ільнозаводзе перад работнікамі КСУП “Дварэц-Агра”, жыхарамі сельсавета і работнікамі завода выступіла начальнік аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама Марыя Ціхан.

На харчовае забеспячэнне насельнікаў нашай планеты цяперашнім часам уплываюць шэраг глабальных і рознанакіраваных тэндэнцый, сярод якіх – рост колькасці насельніцтва свету, яго ўрбанізацыя, павелічэнне маштабу голаду і недаядання, павышэнне каларыйнасці рацыёну ў развітых рэгіёнах, арыентацыя на павышэнне якасці і бяспекі харчавання, скарачэнне рэзерву нарошчвання сельгасвытворчасці, змяненне клімату і ўстойлівасці сельгасвытворчасці.

Беларусь у гэтых умовах прытрымліваецца стратэгіі ўмацавання харчовай незалежнасці на аснове аптымальнага самазабеспячэння важнейшымі відамі сельгассыравіны і харчавання.

На 1 студзеня 2017 года колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь склала 9 504,7 тысячы чалавек. Доля сельскага насельніцтва краіны – 22 працэнты (2,1 мільёна), у сельскай гаспадарцы заняты 303 тысячы чалавек (уся спісавая колькасць работнікаў у краіне – 3,9 мільёна).

У 2016 годзе інтэгральны паказчык харчовай бяспекі Беларусі склаў 1,09, што азначае поўнае забеспячэнне нацыянальнай харчовай бяспекі.

Доля сельскай гаспадаркі ва ўнутраным валавым прадукце краіны ў 2016 годзе – 4 працэнты. За 2011 – 2016 гады вытворчасць сельгаспрадукцыі  павялічылася на 13,6 працэнта, у тым ліку прадукцыі раслінаводства – на 13,4 працэнта, жывёлагадоўлі – на 11,3.

За студзень – кастрычнік  2017 года вытворчасць сельгаспрадукцыі павялічылася на 2,9 працэнта да адпаведнага перыяду 2016 года.

Захоўваецца высокі ўзровень самазабеспячэння ўнутранага рынку малаком (230 працэнтаў), мясам (133 працэнты), яйкамі (131 працэнт), цукрам (160 працэнтаў). Але самазабеспячэнне садавінай і ягадамі складае толькі 57 працэнтаў, рыбай – 15.

Доля імпартнага харчавання на нацыянальным рынку – 15 працэнтаў.

Паводле міжнароднай ацэнкі ўзроўню харчовай бяспекі Беларусь аднесена да краін з “вельмі нізкай удзельнай вагою насельніцтва, якое недаядае, у агульнай колькасці насельніцтва” – паказчык склаў менш за 5 працэнтаў. Рэспубліка Беларусь забяспечвае даступнасць харчавання (46-е месца са 113 краін свету).

Бюджэтная падтрымка аграпрамысловага комплексу Беларусі ажыццяўляецца з улікам нормаў  Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2014 года №347 “Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы”. Аснова сельгасвытворчасці краіны – буйныя калектыўныя гаспадаркі. Паралельна развіваецца фермерства. На 1 студзеня 2017 года ў краіне зарэгістраваны 3066 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, 2578 з іх ажыццяўляюць сельскагаспадарчую дзейнасць. Доля фермерскай вытворчасці ў 2016 годзе склала больш за 2 працэнты ад усёй вытворчасці сельгаспрадукцыі, у тым ліку 2 працэнты – зерня, 6,2 – садавіны і ягад, 5,8 – бульбы, больш за 18 – агародніны.

Істотнай вытворчай сілай застаюцца падсобныя гаспадаркі. На 1 студзеня 2017 года ў сельскай мясцовасці налічвалася 997 тысяч асабістых падсобных гаспадарак (93 працэнты да 2010 года), якія вырабілі 19 працэнтаў сельгаспрадукцыі.

Вытворчасцю сельгаспрадукцыі ў Дзятлаўскім раёне, адзначыла Марыя Ціхан, займаюцца 9 сельгаспрадпрыемстваў, 14 фермерскіх гаспадарак, 2,2 тысячы чалавек. Асноўныя галіны мясцовай сельгасвытворчасці – малочная і мясная жывёлагадоўля, вырошчванне зерня, бульбы, рапсу, цукровых буракоў.

Валавая вытворчасць прадукцыі за перыяд з 2011 па 2017 год ва ўсіх катэгорыях гаспадарак павялічылася на 19,1 працэнта, у прадпрыемствах – на 24,7. За 2017 год аб’ём вытворчасці прадпрыемстваў павялічыўся на 3,1 працэнта.

Леташні намалот збожжа ў раёне склаў 43,4 тысячы тон пасля дапрацоўкі (110,2 працэнта да 2016 года), накапана 11,3 тысячы тон бульбы (128,6 працэнта да 2016 года).

Высокаэфектыўнай раслінаводчай культурай з’яўляюцца цукровыя буракі. У раёне іх вырошчваннем займаліся 7 гаспадарак на 1295 гектарах і накапалі 70,5 тысячы тон караняплодаў пры сярэднераённай ураджайнасці 551 цэнтнер з гектара, якая вышэйшая за сярэднеабласную (533 цэнтнеры). Дзятлаўскі раён – трэці ў вобласці па ўраджайнасці буракоў.

Высокадаходнага алейнага зерня рапсу летась намалочана 3,8 тысячы тон (вага пасля дапрацоўкі), што ў 3 разы больш, чым у 2016-ым.

Дзятлаўскі раён традыцыйна спецыялізаваны на атрыманні льновалакна. Летась яго сабралі 971 тону (127 працэнтаў да 2016 года).

Вытворчасць малака ў 2017 годзе склала 48,5 тысячы тон, 89 працэнтаў яго рэалізавана на Дзятлаўскі сырзавод. Леташняя прадуктыўнасць дойнага статку ў раёне – 4043 кілаграмы ад каровы, самая высокая – у КСУП “Жукоўшчына” – 6354. Больш за 5 тысяч кілаграмаў атрымалі ААТ “Граніт-Агра” (5803) і КСУП “Хвінявічы” (5014). Сярэднеабласны паказчык – 5325 кілаграмаў.

Раённым лідарам у вытворчасці ялавічыны з’яўляецца  ААТ “Граніт-Агра” – 673 грамы штосутачнай прывагі. На 15 грамаў у “Граніце” павялічылася і прывага свіней, склала 590 грамаў. Летась “Граніт-Агра” рэалізаваў 16,7 тысячы тон свініны.

Значную долю вырабленай сельгаспрадукцыі Беларусь экспартуе. Экспарт малочных прадуктаў складае 55 працэнтаў ад вытворчасці, мясапрадуктаў – 40, белага цукру – 56,5, алею – каля 50 працэнтаў.

Краіна займае 25-е месца сярод сусветных вытворцаў малака і малакапрадуктаў і 8-е месца – сярод экспарцёраў названых прадуктаў. А найбольш высокі рэйтынг рэспубліка мае па вытворчасці і экспарце льновалакна – адпаведна 2-е і 3-е месцы. Беларусь уваходзіць у лік 20 сусветных эскпарцёраў мяса, цукру і рапсавага алею.

Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў 2016 годзе ацэнены ў 4,2 мільярда долараў ЗША (павялічыўся ў 1,2 раза да 2010 года). Аб’ём экспарту сельгаспрадукцыі за 9 месяцаў 2017 года склаў 4,1 мільярда долараў ЗША.

Экспарт аграхарчавання забяспечвае больш за 8 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту Беларусі і звыш 15 працэнтаў сукупнага экспарту краіны.

Забеспячэнне харчовай бяспекі з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай і аграрнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Акадэмія навук сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і Беларускім дзяржаўным канцэрнам харчовай прамысловасці “Белдзяржхарчпрам” распрацавалі праект Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года. Дакумент прапанаваны на разгляд Прэзідыума  Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

На пытанні, якія паступілі ўдзельнікам інфармацыйнай групы і датычыліся жыллёвага будаўніцтва ў вёсцы і разлікаў за прадукцыю, былі дадзены кампетэнтныя адказы.

1 0 399 18 Январь, 2018 Улада Январь 18, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *