Фестывалі, святы, конкурсы
Опубликовал

Фестывалі, святы, конкурсы

13 студзеня музей-сядзіба М. К. Агінскага ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна запрашае на калядны баль-карнавал.

У праграме: майстар-клас па танцах ХІХ стагоддзя, выкананне старадаўніх рамансаў, гульні ХІХ стагоддзя, паказальныя выступленні танцаў ХІХ стагоддзя, старадаўнія варожбы, квэст з сюрпрызам для гасцей.

13 студзеня ў 14 гадзін у горадзе Лідзе пройдзе раённае свята “Калядны фэст у Лідскім замку”.

Можна будзе прыняць удзел у народных гульнях, забавах, патанцаваць, павадзіць карагоды каля ёлкі, пачаставацца свежапрыгатаванай юшкай.

14 студзеня ў горадзе Масты адбудзецца калядны канцэрт сумесна з прыходам храма ў імя святога прарока Ільі.

19 студзеня ў аграгарадку Геранёны Іўеўскага раёна пройдзе медыяпрадстаўленне “Знакаміты зямляк. Мастак Вацлаў Касцюшка”. На мерапрыемстве адбудзецца мультымедыйная прэзентацыя “Жыццё і творчасць Вацлава Касцюшкі”, сустрэча з мясцовым краязнаўцам, з нашчадкамі мастака. Будзе арганізавана выстава літаратуры пра мастака, яго карцін.

20 студзеня ў аграгарадку Лаздуны 1 Іўеўскага раёна будзе праходзіць свята снегу для дзяцей “Рада снегу дзятва!”, прысвечанае Сусветнаму дню снегу. На пляцоўцы свята будуць арганізаваны зімовыя гульні і забавы для дзяцей, лепка снежных фігураў, адбудуцца выступленні дзіцячых калектываў аматарскай творчасці.

20 студзеня ў аграгарадку Абухава Гродзенскага раёна адбудзецца святочнае мерапрыемства, прысвечанае 40–гадоваму юбілею заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага ансамбля танца “Лялечкі”.

21 студзеня ў 12 гадзін Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка, Гродзенскага раёна запрашае на свята снегу ў рамках Міжнароднага дня зімовых відаў спорту. У гэты дзень дзеці і дарослыя змогуць прыняць удзел у спаборніцтвах на каньках і лыжах, паўдзельнічаць у эстафеце на санках. На працягу ўсяго дня гасцей чакаюць забаўляльныя праграмы з удзелам казачных герояў, музыка і танцы.

21 студзеня ў Воранаўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу пройдзе дабрачынны канцэрт “Калядныя сустрэчы”. У ім прымуць удзел харавыя калектывы касцёлаў.

21 студзеня ў горадзе Іўі адбудзецца рэгіянальны фестываль-конкурс калядных песень “Gloriа in exсelsis Deo”. Цёплую атмасферу свята дапоўняць канцэртныя выступленні творчых калектываў каталіцкіх парафій Іўеўскага раёна і гасцей з Гродзенскай і Мінскай абласцей.

Алена МІКАЛАЕВА

0 0 271 10 Январь, 2018 Культура і адпачынак Январь 10, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *