У новы год — з новымі ідэямі
Опубликовал

У новы год — з новымі ідэямі

Усім жыхарам Дзятлава і раёна, напэўна, вядомы банк па вуліцы Першамайскай, які ўсе звыкла называюць «Аграпрамбанк», хоць ужо некалькі гадоў, як ён стаў разлікова-касавым цэнтрам (РКЦ) №22 філіяла ААТ «Белаграпрамбанк». Узначальвае яго Сяргей Мікалаевіч Клімко – вопытны і адказны кіраўнік, які напярэдадні прафесійнага свята расказаў аб дасягненнях сваёй арганізацыі.

Сяргей Мікалаевіч, ці стаў паспяховым для вас 2017 год?

Год быў паспяховым, але складаным. Па банкаўскім рэйтынгу мы выйшлі на нядрэнны ўзровень — занялі «залатую сярэдзіну» ў вобласці. Увесь год мы стараліся ўмацоўваць давер партнёраў і лаяльнасць кліентаў, выпускаць новыя прадукты і рэалізоўваць значныя праекты.
Напрыклад, Белаграпрамбанк першым у Беларусі пачаў выпускаць крэдытныя карткі «Крэдытка са знiжкай» сумесна з праграмай лаяльнасці «Моцная Картка», у якой удзельнічаюць магазіны-партнёры па ўсёй краіне, якія прадастаўляюць зніжкі. Акрамя таго, ААТ «Белаграпрамбанк» клапоціцца аб старэйшым пакаленні і прапануе асобам, якія атрымліваюць дзяржаўныя пенсii або дапамогi, стаць кліентамі банка і скарыстацца пакетам паслуг для пенсіянераў «Клопат».

Якая асноўная роля і задача разлікова-касавага цэнтра?

— Нягледзячы на змены, ён з’яўляецца ключавым партнёрам аграпрамысловага комплексу раёна. У ліку пастаянных задач — своечасовае крэдытаванне сезонных мерапрыемстваў у сельскай гаспадарцы. Мы пачалі працаваць з малым і сярэднім бізнэсам: крэдытуем фермераў для набыцця дамашняй жывёлы і тэхнікі. Аднак дзейнасць цэнтра гэтым не абмяжоўваецца. На сёння яго роля шматфункцыянальная: ад прыёму камунальных плацяжоў да выдачы крэдытаў.

Ці падтрымліваеце вы ідэю фінансавай граматнасці юных жыхароў Дзятлаўшчыны?

Зразумела. Мы праводзім мерапрыемствы ў рамках маштабнай рэспубліканскай акцыі Белаграпрамбанка па павышэнні фінансавай граматнасці «Твае Першыя фiнансы». У час такіх сустрэч пяцікласнікі атрымліваюць брашуры на фінансавую тэму.
Вялікую цікавасць з боку ўкладчыкаў выклікае акцыя «Расці вялікі!». На ўклад можна не толькі пакласці грашовыя сродкі, але і штогод парадаваць дзіця падарункам ад банка ў дзень нараджэння. Удзельнікам акцыі, бацькам або законным прадстаўнікам дзіцяці выдаецца крэдыт для аплаты навучання ў ВНУ на выгадных умовах.

Поспех любой арганізацыі напрамую залежыць ад работы калектыву. Як можаце яго ахарактарызаваць?

Увесь калектыў працуе зладжана. Спецыялісты валодаюць высокім прафесіяналізмам у рабоце, маюць асаблівы падыход да людзей, уважлівыя і цярплівыя.
Ад рэалій жыцця не ўцячы, яно ўносіць свае карэктывы. У 2017 годзе на заслужаны адпачынак пайшла прафесіянал сваёй справы, загадчыца сектара разлікаў Любоў Томчык. Свой вопыт яна перадала адказнаму і стараннаму супрацоўніку Святлане Жых, якая цяпер узначальвае гэты сектар.
Хочацца адзначыць спецыялістаў аддзела рознічных паслуг Ганну Iода і Валянціну Ляшчун.
Паспяхова са старэйшымі калегамі працуе і моладзь, якая пераймае ў іх вопыт. Кацярына Якшук і Вольга Пачабыт за два гады работы ў РКЦ зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку.
Увесь калектыў аб’ядноўвае агульнае — адданасць сваёй рабоце, уменне знайсці разумны баланс паміж асабістым жыццём і любімай справай. А гэта нялёгка.

Якія традыцыі ёсць у вашым калектыве?

Штогод мы ўдзельнічаем у турыстычных злётах, а ў 2016 годзе ва ўрочышчы Баравікі гасцінна прымалі ўдзельнікаў абласнога турзлёту банкаўскіх работнікаў. Акрамя таго, традыцыяй у нашым калектыве стала ўшаноўванне матуляў на Дзень маці і калег, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, у Дзень пажылых людзей.

Чаго пажадаеце калегам з іншых банкаў, сваім супрацоўнікам і кліентам у наступіўшым годзе і напярэдадні прафесійнага свята?

Няхай 2018 год прынясе ўсім дабрабыт і поспех, падорыць яркія ўражанні і бліскучыя ідэі, а ў сем’ях пануюць мір, шчасце і паразуменне. Моцнага ўсім здароўя, аптымізму і ўдачы ва ўсіх пачынаннях.

Таццяна ГРЫЦУК
Фота Вольгі ЮШКЕВIЧ

1 0 301 07 Январь, 2018 Раённыя падзеі Январь 7, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *