У новым годзе – новыя гарызонты
Опубликовал

У новым годзе – новыя гарызонты

На сумесным пасяджэнні 27 сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама, якое адбылося 29 снежня 2017 года, дэпутаты і члены выканкама зацвердзілі асноўныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і раённы бюджэт на 2018 год.

У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхневіч, начальнік Слонімскага міжраённага аддзялення ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Павел Рушніцкі, намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Андрэй Кончык.

Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Алег Урбановіч адзначыў, што ў планаванні разлікаў на наступны год эканамісты кіраваліся рэспубліканскімі і абласнымі параметрамі, а таксама раённай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Галоўныя прыярытэты 2018-га на іх думку выглядаюць так: нарошчванне экспарту тавараў і паслуг на аснове павышэння эфектыўнасці дзеючых і стварэння новых экспартаарыентаваных вытворчасцяў; стымуляванне прытоку інвестыцый і павышэнне эфектыўнасці іх выкарыстання; павышэнне інавацыйнай актыўнасці суб’ектаў гаспадарання, звязанай з укараненнем новых тэхналогій, стварэннем новых формаў арганізацыі бізнэсу; павышэнне ролі малога і сярэдняга бізнэсу ў эканоміцы на аснове стымулявання прадпрымальніцкай ініцыятывы і дзелавой актыўнасці; павышэнне эфектыўнасці занятасці насельніцтва і канкурэнтаздольнасці рабочай сілы на рынку працы.

Так, прагноз экспарту тавараў складзе 101,6%, паслуг – 107,3%. Да тэрміна “прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове” так і напрошваецца фраза “чым больш, тым лепш”. Таму 300 тысяч прыцягнутых долараў ЗША – гэта афіцыйная задача. Інвестараў будуць зазываць самымі прывабнымі прапановамі.

Дарэчы, інвестары – гэта важныя звёны ў ланцужку стварэння новых працоўных месцаў. Старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік расказаў аб рэальных перспектывах іх з’яўлення. У Дзятлаве, да прыкладу, плануецца адкрыццё вытворчасці абутку, зараз тры чалавекі навучаюцца ў Польшчы гэтай справе. У райцэнтры таксама павінна з’явіцца яшчэ адно новае прадпрыемства, калі будуць падпісаныя неабходныя дакументы з кітайскімі партнёрамі – “ажывіцца” тэрыторыя завода інвентарных будынкаў.

Яшчэ адзін важны складнік дынамічнага развіцця – рост вытворчасці. Сельгасарганізацыі, да прыкладу, павінны “прырасці” да 106,1%.

Даклад начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Ірыны Жэгала “пястрыў” лічбамі. Аднак, нават недасведчанаму ў фінансавай граматнасці чалавеку, яны ясныя – бюджэт раёна па-ранейшаму носіць сацыяльна-накіраваны характар.

Самай істотнай даходнай часткай застаецца падаходны падатак, затым ідуць падаткі на дабаўленую вартасць, на ўласнасць. Больш заробім – больш выгодаў атрымаем. Просты прынцып складанага працэсу фарміравання даходаў.

Першыя два пытанні разглядаліся сумесна з сесіяй раённага Савета дэпутатаў. Народныя абраннікі азнаёміліся са стратэгіяй развіцця, прапанаванай выканаўчай вертыкаллю, пагадзіліся з ёю, а таму прынялі яе, як гаворыцца, у першым чытанні.

Яшчэ на пасяджэнні выканкама разгледзелі больш за 30 пытанняў. У тымліку “Аб рабоце па рэалізацыі раённага плана мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце эфектыўных мер па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і прафілактыцы іх спажывання на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна на 2017-2018 гады”, “Аб выкананні кіраўнікамі дзяржаўных органаў і арганізацый ваенна-транспартнага абавязку і мабілізацыйнай гатоўнасці”, “Аб зацвярджэнні мерапрыемстваў па паляпшэнні матэрыяльна-бытавога становішча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту на 2018 год” і іншыя.

Асаблівай увагі заслугоўвала абмеркаванне рэалізацыі ў раёне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч адзначыў у дакладзе асноўныя паказчыкі 2017 года па гэтай тэме.

Так, пры агульным зніжэнні колькасці пажараў і гібелі людзей на іх у 2017 годзе найбольш неспрыяльная абстаноўка з пажарамі склалася ў Казлоўшчынскім (5), Дварэцкім (3), Жукоўшчынскім (3), Вензавецкім (2) сельсаветах і горадзе Дзятлаве (3). На тэрыторыі Мяляхавіцкага сельсавета пажараў у мінулым годзе не зарэгістравана.

Найбольшая колькасць пажараў, па-ранейшаму, нягледзячы на зніжэнне, адбываецца ў жылым сектары (з 21 пажару ў жылым сектары адбыліся 17).

Праведзены аналіз пажараў з гібеллю людзей сведчыць аб тым, што сацыяльны статус загінулых істотна не мяняецца. Гінуць, у асноўным, людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.
Насцярожвае, па меркаванні намесніка старшыні райвыканкама, адсутнасць належнага кантролю за супрацьпажарным станам домаўладанняў (кватэр) у дзяржаўным жыллёвым фондзе камерцыйнага выкарыстання, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Дзятлаўскага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На тэрыторыі раёна маецца 325 домаўладанняў (кватэр) такога прызначэння.

Таксама, па стане на 10 снежня 2017 года ў пашпарт аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, якія ўяўляюць павышаную патэнцыйную небяспеку для жыцця і здароўя дзяцей, уключаны 57 аб’ектаў.

Акрамя гэтага, у раёне не ў поўнай меры выконваюцца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянскай абароне”, Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.

Значная работа праведзена летась па прафілактыцы вытворчага траўматызму, выкананні ў арганізацыях заканадаўства аб ахове працы. У Дзятлаўскім раёне ў 2017 годзе створаны 2 базавыя арганізацыі па ахове працы, павысілі кваліфікацыю па пытаннях аховы працы 162 работнікі. У камісіі райвыканкама прайшлі праверку ведаў па пытаннях аховы працы 70 кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый раёна. Летась у арганізацыях раёна звольнены за знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення або ў працоўны час у стане алкагольнага ап’янення 11 чалавек.

Аддзелам унутраных спраў райвыканкама зарэгістраваны 3162 заявы і паведамленні аб злачынствах і іншых правапарушэннях. Рост агульнай колькасці злачынстваў назіраўся на тэрыторыі 3 адміністрацыйных участкаў: Вензавецкага (з 11 да 19), Войневіцкага (з 4 да 5) сельсаветаў, гарпасёлка Казлоўшчына (з 9 да 11).

Усяго зарэгістравана 6 злачынстваў катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Самымі распаўсюджанымі злачынствамі па-ранейшаму з’яўляюцца крадзяжы.
Колькасць асобаў, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за захоўванне, выраб, збыт і набыццё самагону і спіртаўтрымліваючай вадкасці, за 11 месяцаў мінулага года зменшылася на 39,6 % (са 101 да 61). У ЛПП ізаляваны 28 чалавек, з іх 8 жанчын.

Ірына КАМАРОВА

0 0 96 09 Январь, 2018 Галоўныя тэмы Январь 9, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *