Скажы наркотыкам — «Не!»
Опубликовал

Скажы наркотыкам — «Не!»

Наркотыкі — гэта рэчывы, якія выклікаюць стан радаснага ап’янення (эйфарыю), а пры сістэматычным ужыванні — прывыканне і жорсткую залежнасць.

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў 2017 годзе выяўлены 2 злачынствы па лініі незаконнага абароту наркотыкаў, звязаныя з іх збытам (адно да гэтага часу застаецца нераскрытым). Зарэгістраваны таксама 2 адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя са з’яўленнем у грамадскім месцы ў стане таксічнага ап’янення.

Наркаманы не атрымліваюць асалоды ад жыцця: рэчаіснасць здаецца ім нецікавай, шэрай, зусім бязрадаснай. Адзінае, чаго жадаюць нарказалежныя, зноў і зноў адчуваць наркатычнае ап’яненне. Паступова назапашваецца эмацыянальная стомленасць, узнікаюць раздражнёнасць, апатыя, расслабленне волі, таксама ад асобных відаў наркотыкаў пакутуе разумовая дзейнасць.

Чалавек, які ўжывае наркотыкі, губляе кантроль над сваім жыццём, глыбока перараджаецца, становіцца зусім іншым.

Схільнымі да ўжывання наркотыкаў найчасцей з’яўляюцца маладыя людзі. На гэта ўплывае шэраг прычынаў: яны стараюцца не адставаць ад іншых і ўжываюць «за кампанію»; у падлеткаў яшчэ не сфарміравана воля, яны лёгка паддаюцца ўплыву нефармальных лідараў; маюцца дэфекты ў выхаванні; трапілі ў дрэнную кампанію.

На жаль, праз некалькі гадоў наркамана чакае збой усіх сістэмаў арганізма. Аднак многія не дажываюць да гэтага моманту з-за перадазіроўкі, інфекцыйных захворванняў, такіх як СНІД або гепатыт. Многія канчаюць жыццё самагубствам або гінуць гвалтоўнай смерцю, бо распаўсюджванне наркотыкаў звязана з арганізаванай злачыннасцю.

Нават калі наркаман пройдзе курс лячэння, наступствы ад ужывання наркотыкаў застануцца на ўсё жыццё, чалавек ужо ніколі не стане такім, якім быў раней.

У Рэспубліцы Беларусь крымінальная адказнасць за незаконны абарот (выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку, перасылку) наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў прадугледжана артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адказнасць надыходзіць з 16 гадоў, а за злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў, наогул з 14 гадоў. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Міліцыя просіць жыхароў раёна не заставацца абыякавымі да праблемы наркаманіі, аб усіх вядомых фактах незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў паведамляць у групу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефонах 2-15-34 або 102. Ананімнасць гарантуецца.

Валерый БАРОЎСКІ,
оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

0 0 227 19 Январь, 2018 Бяспека Январь 19, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *