Самастойная выплата падаткаў
Опубликовал

Самастойная выплата падаткаў

Людзі рэдка задумваюцца аб выплаце падаходнага падатку. Працадаўца сам утрымлівае яго з заробку і пералічвае ў бюджэт. Сустракаюцца выпадкі, калі грамадзяне абавязаны самастойна выплаціць падатак. Для гэтага неабходна падаць дэкларацыю аб падаходным падатку ў адпаведны падатковы орган. Па даходах, атрыманых у 2017 годзе, дэкларацыя падаецца да 1 сакавіка 2018 года.

Хто павінен падаваць дэкларацыю?

Падаваць дэкларацыю павінны тыя грамадзяне, якія ў 2017 годзе знаходзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь больш за 183 дні. У гэты тэрмін уваходзіць час выезду за мяжу на лячэнне, адпачынак, у камандзіроўку. Не адносіцца да часу знаходжання ў нашай краіне, напрыклад, час знаходжання выключна для адпачынку або лячэння.

Акрамя таго, падатак плаціцца з атрыманых даходаў. Даходамі з’яўляецца любая матэрыяльная выгада, якая паддаецца вартаснай ацэнцы (як у грашовай, так і ў натуральнай форме). Гэта могуць быць грошы, нерухомасць, рэчы, паслугі, долі ў статутным фондзе і іншае.

Увага!

Не з усіх даходаў трэба плаціць падаходны падатак. Некаторыя з іх наогул не ўлічваюцца, а некаторыя — вызваляюцца ад падатку. Напрыклад, калі даход атрыманы ад блізкіх сваякоў (дзеці, бацькі, родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі, прадзед, прабабуля, праўнукі, муж і жонка) ці ад блізкіх сваякоў мужа (у тым ліку памерлага мужа), такі даход не ўлічваецца. А калі атрыманы грошы ад продажу асабістага камп’ютара, даход вызваляецца ад падатку.

Якія даходы трэба дэклараваць?

Дэкларацыю трэба прадаставіць, калі ў 2017 годзе ад фізічных асобаў былі атрыманы падарункі або бясплатна атрымана нерухомасць па дамове рэнты. Пры гэтым іх агульная сума большая за 5555 беларускіх рублёў.

Напрыклад

У 2017 годзе атрымалі ад сяброў і сваякоў падарункі на агульную суму 7200 беларускіх рублёў.

З іх ад блізкіх сваякоў атрыманы рэчы і грошы на 1200 беларускіх рублёў. Даходы ад блізкіх сваякоў не абкладаюцца падаткам. З падарункаў ад фізічных асобаў на агульную суму да 5555 беларускіх рублёў падатак плаціць не трэба. Такім чынам, узнікае абавязак падаць дэкларацыю і заплаціць падатак з 455 беларускіх рублёў (7200-1200-5555).

Неабходна падаць дэкларацыю, калі да даходаў прымяняўся маёмасны падатковы вылік для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Пры гэтым:

— адбылося вяртанне ўзносаў пры будаўніцтве жылля. Падатак выплачваецца з сумы вернутых узносаў, па якой быў прадастаўлены вылік;

— пагашаны жыллёвыя аблігацыі або вам вярнулі іх кошт. Падатак трэба выплаціць з атрыманай па аблігацыях сумы, па якой быў прадастаўлены вылік.

На працягу апошніх 5 гадоў можна рэалізаваць (прадаць, абмяняць) без выплаты падатку па адной адзінцы кватэру, жылы дом (у тым ліку з гаспадарчымі пабудовамі), дачу, садовы домік, гараж, машына-месца, зямельны ўчастак або долі ў гэтай маёмасці. Калі выйшлі за гэтыя рамкі, падатак плаціць трэба. Прычым у гэтым выпадку абавязаны падаць дэкларацыю і заплаціць падатак незалежна ад таго, каму рэалізавана гэта маёмасць: фізічнай асобе ці арганізацыі.

Таксама дэкларацыя падаецца пры рэалізацыі ў 2017 годзе фізічнай асобе любога іншага віду нерухомасці (офіса, гандлёвага памяшкання і іншае), нават калі гэта першы продаж за апошнія 5 гадоў. Калі рэалізавана такая нерухомасць арганізацыі, то яна самастойна ўтрымлівае і выплачвае падатак.

Напрыклад

У 2014 годзе вы прадалі роднаму брату кватэру. У 2017 годзе прадалі яшчэ адну кватэру чужому чалавеку. Даход ад першай кватэры не абкладаецца падаткам і не ўлічваецца, бо атрыманы ад блізкага сваяка. Таму кватэра, прададзеная ў 2017 годзе, лічыцца першай, рэалізаванай за апошнія 5 гадоў. Даход ад яе продажу вызваляецца ад падатку.

Трэба падаць дэкларацыю, калі атрыманы прыбытак ад рэалізацыі ў 2017 годзе больш за 1 легкавы аўтамабіль ці іншы механічны транспартн сродак (матацыкл, мапед і іншае). У гэтым выпадку выплачваецца падатак самастойна. І не важна, пакупнік з’яўляецца фізічнай асобай або гэта арганізацыя. Таксама будзе выплачвацца падатак пры продажы фізічнай асобе транспартнага сродка вагой больш за 3,5 тоны або з колькасцю пасажырскіх месцаў больш за 8. Калі рэалізавана такая маёмасць арганізацыі, яна ўтрымае падатак і выплаціць яго ў бюджэт.

Увага!

Падатак не выплачваецца пры рэалізацыі любой маёмасці, атрыманай у спадчыну (у тым ліку нерухомасці, аўтамабіляў).

Дэкларацыю трэба падаваць, калі ў 2017 годзе здавалася ў арэнду на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нерухомасць і атрыманы ад гэтага даход большы за 5555 беларускіх рублёў. Калі гадавы даход ад арэнды меншы за 5555 беларускіх рублёў, выплачваецца падатак у фіксаванай суме. Дэкларацыю ў гэтым выпадку падаваць не трэба.

Абавязак прадастаўлення дэкларацыі ўзнікае і ў тым выпадку, калі атрыманы даход за мяжой або з-за мяжы. Напрыклад, за выкананне работы ў сетцы Інтэрнэт з Расіі на картку паступілі грошы. Калі з такога даходу ў замежнай дзяржаве ўжо быў утрыманы падатак, сума гэтага падатку можа быць залічана на тэрыторыі нашай краіны. Для гэтага ў падатковы орган неабходна падаць адпаведныя дакументы, пацверджаныя падатковым органам замежнай дзяржавы.

Таксама важна ведаць, што ў некаторых сітуацыях ёсць права на памяншэнне сумы, з якой будзе вылічвацца падатак. Для гэтага разам з дэкларацыяй падаюцца дакументы, якія пацвярджаюць права на гэта.

Напрыклад

У 2017 годзе прададзены 2 легкавыя аўтамабілі. Кошт другога аўтамабіля склаў 7000 беларускіх рублёў. Ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што набыты гэты аўтамабіль за 6500 беларускіх рублёў. Гэтыя дакументы або іх копіі варта прадаставіць у падатковую інспекцыю разам з дэкларацыяй. Тады падатак трэба будзе плаціць толькі з 500 беларускіх рублёў (7000-6500). Калі ў падобнай сітуацыі расходы аказаліся большыя за даходы, падатак плаціць наогул не трэба.

Але дэкларацыю ўсё роўна падаваць абавязкова.

Дэкларацыя падаецца ў падатковую інспекцыю па месцы жыхарства не пазней за 1 сакавіка 2018 года. Да 1 мая 2018 года будзе накіравана паведамленне на ўплату падаходнага падатку. У большасці выпадкаў сума падатку складзе 13% ад атрыманага даходу. Падатак плаціцца на падставе паведамлення не пазней за 15 мая 2018 года. Непрадастаўленне дэкларацыі, як і нявыплата падатку, караецца штрафам.

Іван ГІРЫК,
намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне

0 0 58 21 Январь, 2018 Да ведама грамадзян Январь 21, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *