“Прыйшла Каляда,  дзверы адчыняйце!” (Санаторый “Радон”) (+відэа)
Опубликовал

“Прыйшла Каляда, дзверы адчыняйце!” (Санаторый “Радон”) (+відэа)

Шумна і весела – з песнямі, скокамі ды гульнямі – святкавалі Каляды ў санаторыі “Радон”. Шмат адпачывальнікаў сабралася ў танцавальнай зале санаторыя, вітаючы ўдзельнікаў тэатра-студыі гульні “Прымакі”, якія падрыхтавалі і правялі беларускія традыцыйныя калядкі. Каза, Мядзведзь, Бусел, музыкі і спявачкі ў нацыянальных беларускіх строях дарылі ўсім вясёлы і святочны настрой.

Каляду заўсёды сустракаюць песнямі, танцамі, гульнямі, забавамі. Калядоўшчыкі не толькі самі спявалі, але і запрашалі ўсіх ім падпяваць.

Хітрая Каза пачала выпрошваць сабе пачастункі: “Каб Каза ўстала — трэба даць Казе кусочак сала, каб Каза пайшла — трэба даць ёй аўса, а мерку жыта — каб Каза была сыта, а хто харошы — хай насыпле грошы”. Атрымаўшы і грошай, і прысмакаў, кінулася Каза ў скокі, запрашаючы ўсіх з сабой: “Эх, гуляй, народ”.

Усе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у традыцыйных калядных гульнях. У чыгунках для святочнага стала “варылі” калядную кашу — Куццю. “Каб мірыцца і ніколі не сварыцца”, неабходна было закруціцца з двух бакоў у ручнікі і пацалавацца. А з паясоў запляталі самую доўгую касу.

Прагучала сёння і шмат пажаданняў. Перадаючы па крузе калядны вянок, зычылі адзін аднаму шчасця, здароўя, дабрабыту, удачы, міру, спакою, цудаў. Усе верылі: хто патрымае ў руках калядны вянок – будзе шчаслівы ўвесь год.

А як жа без вясёлых танцаў у такое свята! Польку ўмеюць і любяць танцаваць усе, а вось кракавяк вучылі танцаваць “Прымакі”, якія правялі майстар-клас.

“Здаровы бывайце, праз год нас чакайце. З Калядою вас вясёлаю, з зімачкаю яснаю, з долечкаю шчаснаю. Шчасця, здароўя паболей, а бяды – каб ніколі!” – пажадалі на развітанне калядоўшчыкі.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

5 0 689 07 Январь, 2018 Раённыя падзеі, Самае чытаемае Январь 7, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *