Пастыр зямлі Дзятлаўскай
Опубликовал

Пастыр зямлі Дзятлаўскай

Святарства — гэта асаблівае прызванне. Гэта складаны і цярністы шлях, таму што святар адказны перад Богам не толькі за сябе, але і за людзей, аб якіх ён павінен духоўна клапаціцца.

Шмат выдатных святароў ёсць у Царквы Хрыстовай. Сярод іх — протаіерэй Мікалай Пінчук, настаяцель сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава.

Будучы глыбока веруючым чалавекам, айцец Мікалай годна нясе свой жыццёвы крыж, падаючы нам, сваёй пастве, прыклад хрысціянскай набожнасці, з’яўляючыся “пастырем добрым, душу полагающим за овцы своя”.

Духоўная мудрасць, багаслоўская эрудыцыя айца Мікалая накіраваны на тое, каб дапамагчы кожнаму здабыць сапраўдную веру. Затаіўшы дыханне, мы слухаем яго пропаведзі, у якіх ён заўсёды вучыць жыць паводле Запаведзяў Божых, тварыць справы любові і міласэрнасці.

Вось ужо амаль тры дзясяткі гадоў мы нясём свайму настаяцелю нашы радасці і смутак і заўсёды атрымліваем падтрымку і мудрыя парады. Перш чым прыняць сур’ёзнае рашэнне, заўсёды раімся з ім, просячы яго благаславення. За гэтыя гады ўтварылася дружная, моцная суполка. Пры храме ёсць выдатны хор, сястрынства, працуе Нядзельная школа.

Шмат увагі надае святар рабоце з моладдзю, часта наведвае школы, гутарыць з навучэнцамі і іх бацькамі. Ён ведае пайменна ўсіх сваіх вернікаў, членаў іх сем’яў.

“Сэрца кожнага хрысціяніна павінна быць манастыром Бога, Яго храмам”, — не стамляецца паўтараць нам айцец Мікалай.

Першы храм у нашым горадзе быў пабудаваны ў 1508 годзе заснавальнікам Дзятлава князем Канстанцінам Астрожскім. Маленькі, утульны, намолены храм некалькі стагоддзяў збіраў людзей, якія маліліся.

Сталі задумвацца нашы продкі аб будаўніцтве новага храма, бо клопат аб пабудове храмаў Божых на Святой Русі заўсёды лічылі найвялікшай дабрадзейнасцю. Падмурак быў закладзены яшчэ перад Вялікай Айчыннай вайной. Ішлі гады, а мара так і засталася марай.

І толькі дзякуючы энергіі, мэтанакіраванасці, настойлівасці протаіерэя Мікалая Пінчука было пачата будаўніцтва новага храма. Разам з бацюшкам прыхаджане разгружалі цэглу, рыхтавалі будаўнічую пляцоўку. Сродкі на будаўніцтва збіралі ўсім светам, бераглі кожную капейку.

Бывалі хвіліны, калі рукі апускаліся, здавалася, ніякага выйсця няма. Але бацюшка працягваў старанна маліцца, заклікаючы і нас не адчайвацца, а спадзявацца на Божую дапамогу. І яна прыходзіла.

Самым шчаслівым днём для ўсіх нас стаў дзень 25 лістапада 2017 года, калі храм быў асвечаны Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі Паўлам.

Велічны сабор кліча нас на сустрэчу з Богам. Тут мы становімся бліжэй адзін да аднаго. Як святло многіх свечак зліваецца ў адно ззянне, так і агульная храмавая малітва асвятляе патокам надзеі і веры кожнага, хто ў яго ўваходзіць.

Мы няспынна дзякуем Госпаду, Найсвяцейшай Багародзіцы за тое, што паслаў нам такога добрага, мудрага, любячага бацюшку. Ад усяго сэрца жадаем протаіерэю Мікалаю Пінчуку моцнага здароўя, дапамогі Божай на ўсіх шляхах яго пастырскага служэння.

Прыхаджане храма

1 0 210 24 Январь, 2018 Раённыя падзеі Январь 24, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *