На дзятлаўскім пляжы асвяцілі Іардань
Опубликовал

На дзятлаўскім пляжы асвяцілі Іардань

Хрышчэнне Гасподняе — адно з самых значных святаў хрысціянскага календара. У гэты дзень Ісус Хрыстос прыняў хрышчэнне ў водах ракі Іардан. Адсюль і галоўная традыцыя — акунанне ў палонку-купель. У дзень свята гэта зрабілі тысячы беларусаў ва ўсіх кутках нашай краіны, незалежна ад узросту, полу і прафесіі. Хрышчэнскую купель Іардань (палонку ў лёдзе ў форме крыжа) сёлета ўпершыню падрыхтавалі і на гарадскім пляжы ў Дзятлаве.

19 студзеня ў 16 гадзін каля возера пачалі збірацца жыхары райцэнтра. Аб тым, што тут пройдзе малебен, будзе асвечана вада і жадаючыя змогуць акунуцца, іх папярэдзілі загадзя. Чын асвячэння правялі Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі Іаан Кісель і настаяцель Свята-Барыса-Глебскай царквы вёскі Накрышкі Аляксей Сцепановіч. Айцец Іаан павіншаваў вернікаў са святам і запрасіў жадаючых акунуцца.

Вядома, купацца ў палонцы неабавязкова — можна проста працерці твар зачэрпнутай у Іардані вадой. Ад грахоў гэта не пазбаўляе, паколькі грахі адпускаюцца святаром у таінстве споведзі, аднак карысць для душы і цела хрышчэнская вада прыносіць, калі чалавек выкарыстоўвае яе з верай і малітвай, сам стараецца весці правільнае духоўнае жыццё.

Напачатку вернікі падходзілі да Іардані менавіта каб працерці твар асвечанай вадой, аднак людзі перагаворваліся паміж сабой, што і жадаючыя акунуцца будуць. І вось першай на гэта рашылася Надзея Бяржаніна. Гледзячы, як яна адважна тройчы пагружаецца ў ваду, цяжка было сказаць, што на давары мінусавая тэмпература. Праўда ратаўнікі, якія дзяжурылі ля палонкі, пільна сачылі за працэсам, на ўсялякі выпадак, а валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа падавалі купальшчыкам коўдры і на беразе частавалі ўсіх жадаючых гарачым чаем.

Цікаўлюся ў Надзеі Бержанінай, як яна адчувае сябе пасля зімовага купання.

— Проста выдатна. У мяне ўжо шматгадовы вопыт. Калі езджу ў паломніцтвы, абавязкова акунаюся ў купель, нягледзячы на сезон. А халодную ваду люблю — яна бадзёрыць. Акунуцца на Хрышчэнне — гэта радасць.

Наогул, для праваслаўных вернікаў хрышчэнская вада — адна з галоўных святыняў. Ёю акрапляюць свой дом са спевамі трапара Хрышчэння Гасподняга. Хрышчэнскую ваду, якая валодае цудадзейнымі ўласцівасцямі, п’юць на працягу года раніцай нашча, чытаючы малітву на прыняцце святой вады. П’юць яе і пры хваробах. Хрышчэнская вада не псуецца і некалькі гадоў застаецца непашкоджанай і свежай. Ёсць у такой вады яшчэ адна асаблівасць: невялікую яе колькасць можна дадаць у звычайную ваду, каб яна атрымала цудадзейныя ўласцівасці.

Таму зусім не абавязкова несці з царквы хрышчэнскую ваду ў вёдрах і каністрах, дастаткова ўзяць крыху, а дома развесці з простай вадой у неабходнай колькасці. Лічыцца, што адна кропля святой вады можа асвяціць цэлае мора.

Пакуль размаўлялі, у Іардань акунуліся яшчэ некалькі чалавек. Згадзіўся падзяліцца сваімі ўражаннямі Сяргей Літвінскі, для якога зімовае акунанне было дэбютам.

— Даўно хацеў акунуцца на Хрышчэнне, але не было то магчымасці, то рашучасці. На гэты раз усё паспрыяла. Адчуваю сябе добра, нават выдатна. Толькі змерз у ногі, пакуль ішоў па снезе.

Але гэта з-за таго, што хваляваўся і не надзеў сланцаў, народу ж было шмат на беразе.

Увогуле, многія, хто прыйшоў на гарадскі пляж да Іардані, выказвалі сваё задавальненне мерапрыемствам, былі ў прыўзнятым настроі, фатаграфаваліся, дзяліліся ўражаннямі, маральна падтрымлівалі купальшчыкаў.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара

3 0 726 20 Январь, 2018 Галоўныя тэмы, Самае чытаемае Январь 20, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *