На варце дзяцінства: дапамагчы і не нашкодзіць
Опубликовал

На варце дзяцінства: дапамагчы і не нашкодзіць

Камісіі па справах непаўналетніх маюць даўнюю гісторыю — сёлета споўнілася 100 гадоў з дня іх заснавання. У пачатку мінулага стагоддзя, у разгар грамадзянскай вайны, 14 студзеня 1918 года Дэкрэтам Савета Народных Камісараў за подпісам Уладзіміра Леніна ў маладой савецкай дзяржаве былі створаны камісіі па справах непаўналетніх. Стварэнне спецыяльных органаў стала мерай вымушанай: у краіне засталося шмат безнаглядных дзяцей, якія мелі патрэбу ў кантролі. Асноўнымі задачамі камісій былі не столькі барацьба з дзіцячымі правапарушэннямі, колькі іх прафілактыка, ахова правоў і інтарэсаў дзяцей.

З нагоды юбілею карэспандэнтка газеты «Перамога» сустрэлася з былымі і цяперашнім намеснікамі старшыні камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама, папрасіла падзяліцца ўражаннямі ад работы.
Людміла Шэфарэвіч (гады працы: 1979-2006):

— У камісію я перайшла з аддзела адукацыі, дзе працавала метадыстам. Было цікава памяняць прафесію. Адчувала, што на новай пасадзе прынясу больш карысці людзям. Многаму вучылася, не баялася вучыцца ў маладых, бо, мяркую, кожнае новае пакаленне больш прагрэсіўнае, чым папярэдняе. Самым складаным у рабоце было зразумець, чаму дзеці робяць дрэнныя ўчынкі. Іх на гэта штурхае агрэсія да навакольных, ці яны, падрастаючы ў ненадзейных сем’ях, не ўмеюць сябе паводзіць па-іншаму, бо не ведалі іншага жыцця. Часта ўзгадваю аднаго хлопчыка. Яго гадавала маці, бацька сядзеў у турме. Хлопчык учыніў крадзеж, і мы яго паставілі на ўлік. З таго часу жыццё непаўналетняга незаладзілася: крадзяжы, спецПТВ, падрос — частыя судзімасці і турма. Задаю сабе пытанне: ці ўсё магчымае мы з праваахоўнікамі зрабілі для гэтага чалавека? Па натуры ён някепскі, цягнуўся да людзей. Мы шмат дапамагалі яму і яго маці. Цяпер, калі ён мяне сустракае, не выказвае прэтэнзій.

Добра да мяне адносяцца многія былыя «падапечныя», іх матулі. Мы можам сустрэцца на вуліцы і доўга размаўляць, даваць адзін аднаму парады. У нашым грамадстве прывыклі лаяць моладзь, праблема бацькоў і дзяцей актуальная яшчэ з XVIII стагоддзя. Нягледзячы на гэта, пераважная большасць праблемных юнакоў і дзяўчат, якіх я памятаю, выраслі годнымі людзьмі, некаторыя нават атрымалі вышэйшую адукацыю.
Наталля Золатава (гады працы: 2006-2012):

— Да пераезду ў Дзятлава я выкладала матэматыку ў ПТВ у Бераставіцы. З 1988 года працавала ў Дзятлаўскім райвыканкаме па некалькіх накірунках дзейнасці. Калі з’явілася магчымасць перайсці працаваць у камісію па справах непаўналетніх, скарысталася ёю з задавальненнем, бо работу з дзецьмі лічыла усё ж такі сваёй стыхіяй. Якраз тады быў падпісаны Дэкрэт №18, давялося ажыццяўляць яго на практыцы. Галоўным прынцыпам у рабоце лічыла: «Не нашкодзь». Дэкрэт даў больш магчымасцяў для абароны дзяцей, аднак мае і адваротны бок. Некаторым непаўналетнім такі «хірургічны» метад, як адабранне можа хутчэй нашкодзіць, чым прынесці карысць. Грань паміж выпадкамі, калі можна забіраць дзяцей, а калі не, вельмі тонкая. Мы заўсёды імкнуліся яе адчуць. Гродзеншчыну неаднойчы лаялі за «лібералізм», аднак нашых дзяцей было значна менш у навучальных установах закрытага тыпу.

Шмат гадоў прайшло, як я на пенсіі, але і сёння чую «дзякуй» ад людзей за былую работу. Ёсць адна матуля, у якой мы забіралі трох дзяцей. Яна здолела іх вярнуць, нарадзіла чацвёртае, а мне прыносіла кветкі на ўсе святы, нават калі я ўжо не працавала. Дзякавала, што я тады на яе крычала, бо «шокавая тэрапія» сапраўды дапамагла. Дзеля такіх прыкладаў варта працаваць.

Дзецям, якія траплялі ў мой кабінет, я заўсёды раіла: «Навучыцеся гаварыць «не», хоць гэта і складана». У падлеткавым асяроддзі шмат выпадкаў, калі адны дзеці падбухторваюць другіх на кепскія ўчынкі.
За час маёй работы былі і кур’ёзныя, і сумныя, і страшныя, і смешныя выпадкі, аднак я без шкадавання ўзгадваю тыя гады.
Святлана Залучан (працуе з 2012 года)

— Цяпер у складзе камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама 14 чалавек. Гэта прадстаўнікі мясцовай улады, сацыяльнай службы, цэнтральнай раённай бальніцы, грамадскіх арганізацый. Старшынёй камісіі з’яўляецца намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Асноўная функцыя камісіі па справах непаўналетніх — каардынуючая: у полі зроку камісіі дзейнасць органаў, установаў, арганізацый, якія ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Камісія абараняе правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, выяўляе і ўхіляе прычыны і ўмовы, якія садзейнiчаюць безнагляднасцi дзяцей, учыненню непаўналетнiмi правапарушэнняў. Таксама вядзецца выхаваўчая і прафілактычная работа, ажыццяўляецца кантроль за праблемнымі падлеткамі, якія ўступілі ў канфлікт з законам.

Мы, як і раней, імкнёмся дапамагчы ненадзейным сем’ям, разабрацца з сітуацыяй, каб выправіць яе, і, безумоўна, стараемся не нашкодзіць дзецям. Нягледзячы на тое, што з часу стварэння першых камісій па справах непаўналетніх прайшло 100 гадоў, праблемы сацыяльнага сіроцтва, безнагляднасці і падлеткавых правапарушэнняў, на жаль, застаюцца актуальнымі. Аднак наш орган неаднойчы даказваў сваю значнасць і неабходнасць, прымаючы ўдзел у лёсах многіх людзей.

Гутарыла Ірына СТЫРНІК

2 0 141 16 Январь, 2018 Галоўныя тэмы Январь 16, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *