Найлепшыя лекі — выдатны настрой
Опубликовал

Найлепшыя лекі — выдатны настрой

Зімовыя святы — асаблівы час для кожнага дзіцяці, калі маленькія сэрцы заміраюць у чаканні цудаў, чараўніцтва, падарункаў. На іх спадзяюцца дзеці не толькі ў кожнай хаце, але і ў бальнічным калідоры, і нават у стэрыльнай палаце.
Напярэдадні Старога Новага года прыемны сюрпрыз для дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў стацыянары, падрыхтавалі члены праўлення Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» на чале са старшынёй Аленай Жадзейка і пярвічка жаночай арганізацыі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы (старшыня Інэса Гусева).

Мерапрыемства стала завяршальным акордам дабрачыннай рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» на Дзятлаўшчыне.

Алена Жадзейка звярнулася да маленькіх пацыентаў бальніцы і іх бацькоў:

— На жаль, так атрымалася, што ў час зімовых святаў вы знаходзіцеся на лячэнні. Каб узняць вам настрой, які дапаможа хутчэй выздаравець, з жанчынамі нашага аб’яднання мы падрыхтавалі для вас падарункі і віншаванні. Моцнага вам здароўя, цеплыні, увагі блізкіх.

Дзед Мароз (Ірына Мішчанка) і Снягурачка (Кацярына Кавальчук) разам з дзецьмі і дарослымі вадзілі карагоды і гулялі ў гульні. Згодна з традыцыяй, дзеці расказвалі вершы і атрымлівалі за іх прызы і цукеркі. Ніхто з малечы не застаўся без падарунка.

Пасля мерапрыемства Алена Жадзейка зазначыла, што праўленне Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» удзячна ўдзельніцам арганізацыі (а на дзятлаўшчыне іх 1383 чалавекі) за тое, што актыўна ўключыліся ў дабрачынную акцыю «Нашы дзеці», а таксама індывідуальнай прадпрымальніцы Наталлі Невяроўскай за аказаную дапамогу. Лідар раённага савета жанчын пажадала актывісткам руху новых ініцыятываў і творчых набыткаў у 2018 годзе.

Ірына КАЎКЕЛЬ

1 0 127 15 Январь, 2018 Сацыяльная сфера Январь 15, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *