Калядны фестываль «Хрыстаславы-2018»
Опубликовал

Калядны фестываль «Хрыстаславы-2018»

Святкі — гэта 12 святочных дзён пасля Калядаў, калі ходзяць у госці, радуюцца аб Нараджэнні Хрыста, дораць падарункі, узгадваючы аб дарах вешчуноў, і віншуюць усіх са светлым святам.

Гэту добрую традыцыю падтрымалі навучэнцы 14 школ Дзятлаўскага раёна. У час святак у Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў Калядны фестываль «Хрыстаславы-2018». Яго арганізавалі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Дзятлаўская благачынная царкоўная акруга.

Да ўдзелу ў фестывалі былі запрошаны навучэнцы 1-11 класаў, іх бацькі, педагогі. Каманды з традыцыйнай Каляднай зоркай у песнях і вершах славілі светлае свята, выконвалі трапар Нараджэння Хрыстовага, неслі людзям радасную вестку, віншавалі іх.

Выступленні навучэнцаў ацэньвала судзейская калегія, якую ўзначаліў Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі Іаан Кісель. У склад калегіі ўваходзілі святары і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Гарановіч.

Айцец Іаан павіншаваў прысутных з Нараджэннем Хрыстовым, якое ўжо 2018-ы раз сустракаюць вернікі. Так узгадваецца падзея, якая змяніла ход гісторыі, калі ў наш фізічны свет прыйшоў Бог. Ён стаў чалавекам, каб выратаваць людзей, даць ім магчымасць зноў быць «прычаснікамі» вечнага жыцця ў Царстве Нябесным. Таму, разумеючы вялікасць і значэнне гэтай падзеі, увесь праваслаўны свет зноў і зноў славіць Айца Сусвету. І ўдзельнікі фестывалю сваімі выступленнямі таксама будуць славіць Хрыста.

Першымі на сцэну выйшлі хрыстаславы сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Сёлета навучэнцы гэтай школы сталі прызёрамі навукова-практычнай канферэнцыі «Навагрудская епархія: гісторыя даўжынёй у 700 гадоў» з навукова-даследчай работай «Навамучанікі і падзвіжнікі Навагрудскай епархіі». Дарэчы, навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы, якія выступалі чацвёртымі, таксама ўдзельнічалі ў гэтай канферэнцыі з навукова-даследчай работай «Храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы пасёлка Наваельня» і сталі прызёрамі. Абедзве каманды парадавалі гледачоў яркімі выступленнямі. Цікавыя праграмы таксама падрыхтавалі хрыстаславы Казлоўшчынскай сярэдняй школы, Лявонавіцкага, Раклевіцкага, Жукоўшчынскага, Раготнаўскага дзіцячых садоў-базавых школ, сярэдняй школы №3 і гімназіі №1 горада Дзятлава, Вензавецкага, Круцілавіцкага, Хвінявіцкага дзіцячых садоў-сярэдніх школ, Дварэцкай, Гезгалаўскай сярэдніх школ.

Падвялі вынікі фестывалю і ўручылі ўзнагароды Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі Іаан Кісель і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Белаус. Яны зазначылі, што ўсе ўдзельнікі свята падрыхтавалі дастойныя выступленні і справіліся з галоўнай задачай фестывалю — годна славіць Боганемаўля Хрыста. Наталля Белаус падзякавала педагогам, якія не толькі вучаць дзяцей, але і знаходзяць час для іх духоўнага выхавання.

Найвышэйшым балам было ацэнена выступленне навучэнцаў Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Яны і сталі пераможцамі Каляднага фестывалю «Хрыстаславы-2018». Дыпломамі другой ступені адзначаны хрыстаславы гімназіі №1 горада Дятлава і Наваельнянскай сярэдняй школы. Дыпломы трэцяй ступені атрымалі каманды Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, сярэдніх школ №1 і №3 горада Дзятлава. Астатнія ўдзельнікі фестывалю атрымалі падзячныя лісты.

Фота Ірыны СТЫРНІК

7 2 562 16 Январь, 2018 Сацыяльная сфера Январь 16, 2018

2 комментария

  1. Наталья

    Поздравляем учащихся средней школы №3 города Дятлово с призовым третьим местом! Молодцы!!!

    Ответить
  2. Галина Гаврош

    Поздравляем учащихся Гезгаловской школы. Вы — лучшие! Мы вами гордимся!

    Ответить

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *