З Нараджэннем Хрыстовым, улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры!
Опубликовал

З Нараджэннем Хрыстовым, улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры!

З сардэчнай радасцю віншую ўсіх вас з вялікім святам Нараджэння Хрыстовага, са святам прыходу ў свет Сына Божага.

У гэтыя святыя дні мы зноў перажываем найвялікшую падзею чалавечай гісторыі. У вялікай пакоры Бог пажадаў прыйсці на зямлю ў вобразе чалавечым і нарадзіўся не ў багатым палацы, а ва ўбогай пячоры сярод пустыні. Першымі даведаліся аб Нараджэнні Хрыстовым не цары і вяльможы, а простыя пастухі, якія паслі статкі непадалёк ад Віфлеемскай пячоры. Менавіта да іх, да простых, былі звернуты анёльскія словы, якія абвясцілі свету аб пачатку новай, хрысціянскай эры: “Не бойцеся, я паведамляю вам вялікую радасць, якая будзе ўсім людзям, бо цяпер у горадзе Давідавым нарадзіўся Выратавальнік, Які ёсць Хрыстос Гасподзь” (Лк. 2, 10-11).

Наша вера вучыць нас нават сярод жыццёвага смутку захоўваць у сэрцы сваім і абвяшчаць людзям тую радасць, якая прыйшла да нас ад Бога і пра якую ў Евангеллі сказана, што “ніхто не адбярэ яе ў нас” (Ін. 16,22).

Цуд і сіла хрысціянскай веры ў тым, што гэта радасць вялікая дорыцца сёння ва ўсёй паўнаце, як і дзве тысячы гадоў таму, бо кожнае хрысціянскае свята — гэта не ўспамін падзеяў, якія былі даўно або прайшлі назаўсёды, а гэта падзея цяперашняга дня, цяперашняга часу і цяперашняга чалавека.

Сын Божы спрадвеку нараджаецца ад Бацькі. І Хрыстос сапраўды нараджаецца пастаянна ў сэрцах тых, хто адчыняе Яму дзверы свайго сэрца, хто прыносіць душу сваю, хто розум свой прадастаўляе Яму, як прадаставіла Праблагаславенная Дзева Сваё ўлонне, зрабіўшыся Прастолам Сына Божага, які вечна Царствуе.

Нараджэнне Хрыстовае — гэта вялікая тайна набожнасці, у якой крыніца вечнай радасці і пра якую можна гаварыць бясконца.

Таму яшчэ і яшчэ віншую ўсіх вас, браты і сёстры, з вялікім святам Нараджэння Хрыстовага. І няхай святло Віфлеемскай зоркі заўсёды асвятляе ваш жыццёвы шлях і ўсе вашы справы. А Хрыстос, які нарадзіўся дзеля нас, няхай благаславіць кожнага Сваім мірам, радасцю і дабрабытам.

Мне застаецца толькі нагадаць, што ў аўторак, 9 студзеня, адбудзецца Каляднае прадстаўленне Нядзельнай школы сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай Пачатак у 18 гадзін.

Протаіерэй Мікалай ПІНЧУК,
настаяцель сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава

1 0 46 07 Январь, 2018 Сацыяльная сфера Январь 7, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *