Выхад на першы лёд – небяспечны

Падзеі

Надыход зімы адчуваецца па першых замаразках, неўзабаве рэкі і азёры будуць скаваныя льдом. Многія рыбаловы-аматары не могуць дачакацца той пары, калі можна будзе выйсці на лёд, зрабіць палонку. Аднак пры гэтым забываюць пра небяспеку, якую нясе з сабой першы крохкі, нетрывалы лёд. У гэтым годзе былі выпадкі, калі дзятлаўскія рыбаловы правальваліся пад лёд. На вялікае шчасце, на дапамогу прыходзілі сябры-рыбаловы, камусьці ўдалося выбрацца самому.

Каб не стаць ахвярай небяспечнай рыбалкі на тонкім лёдзе, АСВОД раіць строга прытрымлівацца пэўных правілаў бяспекі. У першую чаргу, не выходзіць на лёд, пакуль не будзе ўпэўненасці ў яго таўшчыні, трываласці. Па магчымасці трэба выбіраць неглыбокія месцы для лоўлі рыбы, мець у запасе прылады для самавыратавання і ўмець імі карыстацца. І яшчэ вельмі важна не хадзіць на лёд аднаму.

Калі вы праваліліся пад лёд, самае галоўнае – не паддавацца паніцы. Пакуль паміж пластамі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плыву. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўляйце рукі, каб павялічыць плошчу апоры і паменшыць ціск на край лёду. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена, бо застаецца небяспека зноў праваліцца пад лёд. Варта адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.

Калі вы раптам сталі відавочцам таго, што нехта праваліўся пад лёд, то ў першую чаргу ацаніце абстаноўку і падумайце, ці зможаце дапамагчы чалавеку. Лепш паклікаць яшчэ каго-небудзь на дапамогу, таму што пры няправільных дзеяннях ёсць пагроза самому аказацца ў бядзе. Для аказання дапамогі ўзбройцеся палкай або вяроўкай, падпаўзіце да месца пралому лёду за 3-4 метры і падайце пацярпеламу другі канец наяўнага сродку выратавання. Калі выцягнеце чалавека з вады, адразу ж адвядзіце яго ў цёплае месца і выклічце хуткую дапамогу.

У выпадку, калі неабходна дапамога ратаўнікоў, неадкладна тэлефануйце на нумары 101 ці 112.

У. БАРАВІК,
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі АСВОД



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *