Свая справа: новыя магчымасці

Падзеі

Шыць вопратку, выпякаць тарты, рамантаваць камп’ютары, аказваць некаторыя іншыя паслугі цяпер можна без рэгістрацыі ў якасці ІП, заплаціўшы адзіны падатак. Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асобаў”. Да 12 відаў паслуг дабавіліся яшчэ 12.

Хто сёння можа займацца такой дзейнасцю? Што для гэтага трэба? На гэтыя і іншыя пытанні ў час “Прамой лініі” адказаў намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне Іван Баляслававіч Гірык.

Пытанне: ці ўсе віды аддзелачных работ можна выконваць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка?

Адказ: не ўсе. Можна выконваць толькі тынковачныя (штукотурные), малярныя, шкляныя работы, пакрываць падлогі і абліцоўваць сцены, клеіць шпалеры, рабіць кладку, рамантаваць печы і каміны. Іншымі відамі падобнай дзейнасці можна займацца толькі пры ўмове рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Пытанне: ці ёсць абмежаванні па відах работ, калі займацца рамонтам і абслугоўваннем камп’ютараў?

Адказ: дакладна агавораны віды работ, якія можна выконваць. Гэта распрацоўка веб-сайтаў, устаноўка і настройка камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, аднаўленне камп’ютараў пасля збою, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучанне рабоце на персанальным камп’ютары.

Пытанне: хачу заняцца рамонтам і перацяжкай мэблі. Ці магу як фізічная асоба арандаваць памяшканне пад невялікі цэх?

Адказ: ёсць такое права. Можна аказваць паслугі ва ўстаноўленых месцах, а значыць, узяць у арэнду памяшканне. Звяртаю вашу ўвагу, што перацяжка мэблі павінна ажыццяўляцца толькі з матэрыялу заказчыка.

Пытанне: я індывідуальны прадпрымальнік, аказваю паслугі цырульніка, працую на арандаванай плошчы адна. Павінна я цяпер закрыць ІП і працаваць па заяўным прынцыпе ці магу працягнуць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць?

Адказ: у вас ёсць права выбару: працаваць у якасці ІП або па заяўным прынцыпе як фізічная асоба. Розніца ў тым, што як індывідуальны прадпрымальнік вы робіце адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, тым самым ствараючы сабе пенсійныя назапашванні. Фізічныя асобы такіх адлічэнняў не робяць. Цяпер вы можаце ўзяць наёмных работнікаў, а перайшоўшы на работу па заяўным прынцыпе, ужо не зможаце гэтага зрабіць.

Пытанне: хачу заняцца рамонтам абутку. Ці магу я прыцягнуць да работы свайго бацьку і не рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка?

Адказ: не можаце. Заяўны прынцып прадугледжвае ажыццяўленне дзейнасці самастойна, без прыцягнення наёмных работнікаў. Кожны з вас можа асобна заявіць аб сваім жаданні аказваць паслугі па рамонце абутку, заплаціць адзіны падатак і працаваць самастойна.

Пытанне: ці існуюць ільготы пры выплаце адзінага падатку?

Адказ: для пенсіянераў, інвалідаў адзіны падатак зніжаецца на 20 працэнтаў. Шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, бацькі і ўсынавіцелі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў, таксама маюць права на такую льготу. Калі чалавек адразу мае права на некалькі льгот, напрыклад, ён з’яўляецца пенсіянерам і інвалідам, тады адзіны падатак памяншаецца на 45 працэнтаў.

Пытанне: якія дакументы могуць служыць доказам таго, што я займаюся дзейнасцю ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №337 на законных падставах, калі я не ІП? Ці трэба ў такім выпадку мець кнігу заўваг і прапаноў, кнігу ўліку праверак?

Адказ: на месцы ажыццяўлення дзейнасці павінна быць квітанцыя аб уплаце адзінага падатку. Вы павінны займацца толькі той дзейнасцю, якую ўказалі ў паведамленні ў падатковай інспекцыі. Калі вы займаецеся дзейнасцю, не заплаціўшы адзіны падатак, вам прыйдзецца яго заплаціць. Ніякіх кніг вы весці не павінны.

Пытанне: збіраюся займацца рамонтам мэблі. Ці павінен я выдаць які-небудзь дакумент, які пацвярджае аплату паслугі?
Адказ: дзеючым заканадаўствам гэта не прадугледжана, паколькі вы не суб’ект гаспадарання, і касавы апарат вам устанаўліваць не трэба. Разлік за аказаныя паслугі ажыццяўляецца ў свабоднай форме. Па жаданні можна заключыць пісьмовы дагавор з заказчыкам.

Таццяна ГРЫЦУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *