Спагнанне расходаў за навучанне

Падзеі

У грамадзян Рэспублікі Беларусь ёсць альтэрнатыва: атрымаць адукацыю за кошт дзяржавы або на платнай аснове. Кожны з гэтых варыянтаў мае свае асаблівасці.

Напрыклад, пры атрыманні адукацыі за кошт дзяржавы ў выпускніка пры заканчэнні вучобы ёсць абавязак у выглядзе абавязковай адпрацоўкі ў наймальніка, да якога ўстанова адукацыі накіроўвае выпускніка на работу. У выпадку адмовы ад такой адпрацоўкі заканадаўствам вызначаны абавязак для такога выпускніка аплаціць дзяржаве кошт свайго навучання за ўсе гады вучобы. У пунктах 2-6 артыкула 88 Кодэкса аб адукацыі вызначаны катэгорыі выпускнікоў, якія вызваляюцца ад аплаты грашовых расходаў, патрачаных на іх навучанне.

У 2016 годзе і за 9 месяцаў 2017 года судом Дзятлаўскага раёна разгледжаны 19 спраў аб спагнанні расходаў за навучанне, сярод іх за атрыманне вышэйшай адукацыі — 6, сярэдняй спецыяльнай — 3, прафесійна-тэхнічнай —10. З 19 спраў з задавальненем іска разгледжаны 15 спраў, спынены — 2, у іску адмоўлена па 2 справах. Па 13 справах адказчыкамі з’яўляліся маладыя спецыялісты — выпускнікі сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных установаў, якім месца работы было прадастаўлена шляхам размеркавання, і яны не адпрацавалі вызначаны тэрмін абавязковай работы. Прычынамі неадпрацоўкі з’явіліся: непрыбыццё да месца размеркавання, а таксама датэрміновае звальненне за прагул.

Акрамя таго, суд разгледзеў 5 спраў, па якіх адказчыкамі з’яўляліся курсанты ваенных факультэтаў, якія атрымлівалі адукацыю на дзённай форме навучання за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту і былі адлічаны з навучальных установаў па падставах, прадугледжаных Палажэннем аб праходжанні ваеннай службы, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 красавіка 2005 года №186. Такімі падставамі былі непаспяховасць, нежаданне прадаўжаць вучобу.

Па адной справе адказчыкам з’яўляўся выпускнік, які атрымаў адукацыю па спецыяльнасці для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, абавязаны прайсці пяцігадовы тэрмін ваеннай службы на воінскіх пасадах афіцэрскага саставу адпаведна заключанаму кантракту, але звольнены з ваеннай службы за сістэматычнае невыкананне ўмоваў кантракту.

Сумы спагнанняў найбольш вялікія па тых справах, дзе адказчыкі — былыя курсанты ваенных факультэтаў. Істцамі па такіх справах выступаюць не толькі Міністэрства адукацыі ў асобе навучальных установаў, але і Міністэрства абароны, за кошт якога кантракты забяспечваюцца рэчавым, харчовым і грашовым забеспячэннем. Гэта распаўсюджваецца і на курсантаў, якія атрымліваюць адукацыю для іншых сілавых структураў. Немалыя сумы спагнанняў і за навучанне ў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах адукацыі. Так, па задаволеных судом справах за атрыманне ваенных спецыяльнасцяў у вышэйшых навучальных установах былі спагнаны ў рэспубліканскі бюджэт расходы за навучанне на суму 31768,27 рубля. За атрыманне адукацыі ў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах па задаволеных справах было спагнана ў даход бюджэту 46616,38 рубля.

Таму хацелася б перасцерагчы будучых студэнтаў і іх бацькоў ад судовых цяжбаў па спагнанні расходаў за навучанне і пажадаць ім правільных і ўзважаных рашэнняў пры выбары навучальных установаў і формы атрымання адукацыі: за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэтаў або на платнай аснове.

Святлана ЛАБАР,
суддзя суда Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *