Сіла — у сяброўстве і дабрыні

Падзеі

Добрых цудаў чакаюць людзі напярэдадні калядных і навагодніх святаў. Цуды і сапраўды здараюцца, калі побач ёсць надзейныя сябры, гатовыя падаць руку дапамогі. З гэтай мэтай Дзятлаўшчыну чарговы раз наведалі ўдзельнікі дабрачыннай місіі «Рука ў руцэ».

Некалькі гадоў запар, у снежні, яны прыязджаюць у наш раён, каб падарыць сапраўднае свята наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і выхаванцам Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, іх бацькам, педагогам.

Як зазначае дырэктар праекта «Рука ў руцэ» Анатоль Кушнар, падобныя сустрэчы напярэдадні Калядаў удзельнікі місіі ладзяць па ўсёй Беларусі. Сёлета іх запланавана каля шасцідзесяці. Па традыцыі, валанцёры праекта «прывозяць» сваім падапечным музычныя і салодкія падарункі, калядную гісторыю, якая вучыць дабрыні, дапамагае адшукаць сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці.

Сёлета, напрыклад, артысты вырашылі пагаварыць са сваімі гледачамі пра сілу, але не тую, якая дапамагае падымаць цяжар, перамагаць у спартыўных баталіях. Калядная пастаноўка расказала пра сілу дабрыні і сяброўства. Галоўны герой сцэнкі Ваня паспрачаўся са сваім дзядулем наконт таго, якая сіла больш патрэбная ў жыцці. Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, Ваня і дзядуля здзейснілі падарожжа ў мінулае. Убачылі дуэль двух мушкецёраў, пабылі ў пакоях імператара, зазірнулі ў пячору, дзе нарадзіўся Хрыстос.

Напрыканцы сустрэчы валанцёры раздалі прысутным калядныя падарункі, паразмаўлялі, сфатаграфаваліся на памяць, паабяцалі абавязкова сустрэцца ў наступным годзе.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык падзякавала ўдзельнікам дабрачыннага праекта «Рука ў руцэ» за тое, што яны штогод дораць добры настрой, падарункі і часцінку сваёй душы асаблівым людзям Дзятлаўшчыны, нічога не патрабуючы ўзамен. Таксама Таццяна Сямёнаўна ўдзячная сям’і Шэлег, якая пастаянна адгукаецца на просьбы Цэнтра аб дапамозе і ў свой час прапанавала дырэктару праекта «Рука ў руцэ» Анатолю Кушнару ўпершыню наведаць Дзятлаўшчыну з дабрачыннай місіяй.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *