Правапарушэнні ў Інтэрнэце ўчыняюць дзеці

Здарэнні і бяспека

Паводле статыстыкі, у 2016 годзе да крымінальнай адказнасці за злачынствы ў сферы інфармацыйных тэхналогій прыцягнуты 34 непаўналетнія, сярод іх — 3 жыхары Гродзеншчыны.

З развіццём новых тэхналогій, распаўсюджваннем сеткі Інтэрнэт, узнікла праблема, звязаная з доступам непаўналетніх да інфармацыі, якая можа нашкодзіць або падштурхнуць да ўчынення правапарушэнняў. Карыстальнікамі камп’ютараў і смартфонаў становяцца нават дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, таму кантраляваць кантэнт павінны іх бацькі.

Якія пагрозы і рызыка сустракаюцца ў віртуальнай прасторы? Ёсць верагоднасць, што дзіця само ўчыніць правапарушэнне ці злачынства ў сферы інфармацыйнай бяспекі, або яны будуць учынены ў адносінах дзіцяці. Таксама магчымы заражэнне камп’ютара шкоднымі праграмамі, знаёмства з непажаданай інфармацыяй, уцягванне ў незаконны абарот наркотыкаў або дэструкцыйныя групоўкі, шантаж, інтэрнэт-залежнасць.

Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны шэраг злачынстваў, якія адносяцца да сферы высокіх тэхналогій:

артыкул 212 (крадзеж з выкарыстаннем высокіх тэхналогій). Прыкладам такога злачынства можа быць крадзеж грошай са знойдзенай або скрадзенай банкаўскай карткі праз банкамат ці інтэрнэт-плацяжы, а таксама авалоданне сродкамі, якія захоўваюцца на рахунках электронных плацежных сістэмаў і сэрвісаў;

артыкул 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі). Напрыклад, да электроннай пошты, уліковых запісаў на сайтах ці ў сацыяльных сетках, на камп’ютары і ў смартфоне, якія абаронены ад трэціх асобаў;

артыкул 350 (мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі). Гэта перапіска з правам доступу іншага карыстальніка, унясенне змяненняў у абароненыя базы даных;

артыкул 351 (камп’ютарны сабатаж). Наўмыснае выдаленне, знішчэнне, пашкоджанне камп’ютарнай інфармацыі або яе блакіраванне праз змяненне пароля, графічнага ключа, іншым спосабам;

артыкул 352 (неправамернае авалоданне камп’ютарнай інфармацыяй). Капіраванне інфармацыі, закрытай для прагляду трэцімі асобамі, з прычыненнем значнай шкоды;

артыкул 354 (распрацоўка, выкарыстанне або распаўсюджанне шкодных праграм). Да крымінальнай адказнасці могуць быць прыцягнуты асобы за распрацоўку шкоднага праграмнага забеспячэння або вірусаў, напрыклад, якія блакіруюць смартфоны або шыфруюць інфармацыю на серверах.

Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, які не нанёс значнай шкоды (артыкул 22.6).

Разумны кантроль дарослых і своечасовае тлумачэнне юным карыстальнікам адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні ў сферы інфармацыйнай бяспекі, прывядзенне зразумелых прыкладаў дапамогуць мінімізаваць рызыку ўчынення злачынстваў гэтай катэгорыяй асобаў.

В. ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *