«Краса Дзятлаўшчыны — 2017»

Падзеі

Жаночая прыгажосць такая ж непаўторная, як прыгажосць стыхіі. Гэта пацвердзілі ўдзельніцы конкурсу грацыі і прыгажосці “Краса Дзятлаўшчыны-2017”, які сёлета ў шосты раз прайшоў у нашым раёне з ініцыятывы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта.

За званне пераможцы змагаліся шэсць дзяўчын – Кацярына Нагорная (Наваельнянская сярэдняя школа), Юлія Каско (КСУП Жукоўшчына), Таццяна Санцэвіч (Хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа), Надзея Герасіменка (Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа), Юлія Ванчук (ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”), Ангеліна Дулебянец (сярэдняя школа №3 горада Дзятлава).

Удзельніцам былі прапанаваны заданні: дэфіле “Прыгажосць Беларускай зямлі”, відэазнаёмства-візітоўка (прэзентацыі рыхтавалі загадзя), творчы конкурс-хатняе заданне “Галасы крыніц Беларусі”, кулінарны конкурс “Беларуская кухня”, інтэлектуальны конкурс (пытанні ад вядучых Генадзя Сураўца і Ніны Грыб), дэфіле ў вячэрніх сукенках, а за тытул “Міс сімпатый гледачоў” аддавалі свае галасы прысутныя ў зале.

Майстэрства канкурсантак ацэньвала журы, узначаліў якое намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько. Вызначыць лепшую сярод прыгажунь было няпростай задачай.

Па выніках іспытаў званне “Краса Дзятлаўшчыны-2017” і карону пераможцы атрымала Ангеліна Дулебянец. Астатнія ўдзельніцы атрымалі тытулы: «I Віцэ-Міс Дзятлаўшчыны-2017” — Кацярына Нагорная, “II Віцэ-Міс Дзятлаўшчыны-2017” яна ж “Міс фота” — Юлія Каско, “Міс чароўнасць Дзятлаўшчыны-2017” – Надзея Герасіменка, “Міс індывідуальнасць Дзятлаўшчыны-2017” – Таццяна Санцэвіч, “Міс сімпатый гледачоў-2017” – Юлія Ванчук. Усе канкурсанткі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі ад спонсараў і прадпрыемстваў, дзе працуюць. Кветкі дзяўчынам дарылі родныя і сябры, якія прыйшлі падтрымаць. Развітваючыся, удзельніцы конкурсу віншавалі адна адну, фатаграфаваліся на памяць, дзякавалі Але Чарняўскай, якая дапамагала рыхтавацца.

Спонсарамі раённага конкурсу “Краса Дзятлаўшчыны-2017” выступілі раённы камітэт ГА “БРСМ”, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”, фотасалон “А-2” (Алена Тухто), цырульня “Славянка” (Алена Гузавец), адзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара

 



1 комментарий по теме “«Краса Дзятлаўшчыны — 2017»

  1. Поздравляю победительницу. Третья школа «рулит»

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *