Колькасць санэпідпатрабаванняў з прыняццем дэкрэта па прадпрымальніцтве скарацілася да мінімуму

Падзеі

Колькасць санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў з прыняццем дэкрэта аб развіцці прадпрымальніцтва скарацілася да мінімуму, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Міністэрства аховы здароўя прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы аднаго з дадаткаў названага дэкрэта. Размова ідзе аб агульных санэпідпатрабаваннях да ўтрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў і іншых аб’ектаў, якія належаць суб’ектам гаспадарання.

Дадатак устанаўлівае мінімальныя патрабаванні да найбольш запатрабаваных у прадпрымальніцкім асяроддзі сфер дзейнасці. Гэта датычыцца аб’ектаў грамадскага харчавання, рынкаў, аб’ектаў, якія аказваюць бытавыя паслугі (цырульніцкія, касметычныя, паслугі па манікюры і педыкюры, перманентным макіяжы, пірсінгу, нанясенні татуіроўкі, салярыі, пральні, хімчысткі, станцыі тэхабслугоўвання транспартных сродкаў).

У прыватнасці, агульныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні спрашчаюць падыходы да размяшчэння аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю ў шматкватэрных жылых дамах. Асноўная ўмова пры гэтым заключаецца ў тым, што функцыянаванне аб’ектаў не павінна пагаршаць умовы пражывання чалавека па паказчыках, якія маюць гігіенічныя нарматывы. «Калі гэта патрабаванне будзе выконвацца, то існуючыя раней абмежаванні па размяшчэнні, напрыклад, халадзільных камер на такія аб’екты распаўсюджвацца не будуць», — адзначылі ў прэс-службе.

Для размяшчэння і ўтрымання такіх аб’ектаў неабходна выконваць паточнасць тэхналагічных аперацый, якая выключае сустрэчныя або перакрыжаваныя патокі сыравіны і гатовай харчовай прадукцыі, забруджанага і чыстага інвентару. Сярод іншых важнейшых умоў — наяўнасць неабходнай прасторы для ажыццяўлення тэхналагічных аперацый, умовы для захоўвання сыравіны і гатовай прадукцыі і іншыя эпідэміялагічна важныя моманты, без якіх-небудзь рамак і абмежаванняў.

Для аб’ектаў па аказанні бытавых паслуг як абавязковыя ўстаноўлены толькі патрабаванні, якія накіраваны непасрэдна на прадухіленне распаўсюджвання інфекцыйных і паразітарных захворванняў. Напрыклад, у параўнанні з раней дзеючымі патрабаваннямі выключаны пералікі дазволеных да прымянення дэзынфіцыруючых сродкаў, тэхналагічнага абсталявання, якія выкарыстоўваюцца для аказання бытавых паслуг. Суб’ект гаспадарання можа самастойна гэта рэгуляваць. Пры гэтым галоўнае, каб прынятыя рашэнні забяспечвалі бяспеку паслугі для здароўя спажыўца. Арганізацыя і кантроль проціэпідэмічнага рэжыму цалкам ускладзены на адміністрацыю аб’екта.

Што датычыцца аб’ектаў па рамонце і тэхабслугоўванні транспартных сродкаў, уключаючы тэрыторыі гаражных кааператываў, спрошчаны патрабаванні ў тым ліку да вентыляцыі, асвятлення, мікраклімату, вытворчых памяшканняў і вытворчых працэсаў. Напрыклад, раней санітарныя правілы ўключалі больш як 60 пунктаў, цяпер іх засталося ўсяго 10. Яны ўстанаўліваюць патрабаванні толькі да асобных відаў вытворчых аперацый: мыццё транспартнага сродку, пазбаўленне ад адпрацаваных газаў, электрагазазварачныя, фарбавальныя работы і інш. З дзеючых 11 пунктаў патрабаванняў для аказання паслуг па рамонце транспартных сродкаў у гаражных кааператывах засталося толькі 2. Прычым калі раней не дапускалася правядзенне зварачных, фарбавальных, палівазаправачных работ, то цяпер такія дапускаюцца пры выкананні ўстаноўленых санітарна-гігіенічных патрабаванняў.

Пры распрацоўцы дакумента былі выключаны раней дзеючыя канкрэтызуючыя і дэталізуючыя патрабаванні. Такі падыход дазволіць суб’екту гаспадарання пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці самастойна прымаць кіраўніцкія рашэнні, якія датычацца выканання ўстаноўленых агульных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў і забеспячэння бяспекі аказваемых работ і паслуг для жыцця і здароўя чалавека. У той жа час гэта павінна спалучацца з прынцыпам персаналізацыі адказнасці кіраўніка за належную арганізацыю дзейнасці суб’екта гаспадарання.

У цэлым устаноўленыя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні накіраваны на прадухіленне інфекцыйных і масавых неінфекцыйных захворванняў. Іх безумоўнае і добрасумленнае выкананне дасць магчымасць забяспечыць неабходны ўзровень санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці насельніцтва Беларусі, дадалі ў прэс-службе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *