Як дзятлаўчане правядуць навагоднія святы

Падзеі

Лічаныя дні застаюцца да святкавання Калядаў і Новага года, а ў школах хутка пачнуцца зімовыя канікулы. Як правесці святы весела і з задавальненнем? Што цікавае чакае дзятлаўчан і жыхароў раёна на Новы год і Каляды? Пра гэта карэспандэнтцы газеты «Перамога» расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.

— Наталля Яўгенаўна, з чаго пачнуцца навагоднія святы ў нашым раёне?

На Дзятлаўшчыне ўжо стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»: 11 снежня ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Яна прадаўжаецца і абяцае падарыць шмат радасці і добрага настрою юным жыхарам раёна.

22 снежня ў 17.30 на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве запаліць агні галоўная ёлка раёна. Адбудзецца ўрачыстае шэсце казачных герояў, дзятлаўчане сустрэнуцца з Дзедам Марозам і Снягуркай.

З гэтага дня будуць запальвацца ёлкі у сельскіх саветах, калектыўных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемствах, паселішчах.

З 23 снежня ў дзіцячых садах, школах раёна, працоўных калектывах будуць ладзіцца ранішнікі.

— Якіх навагодніх сюрпрызаў чакаць дзецям?

Пры жаданні дарослыя змогуць падарыць дзецям казачнае падарожжа: з 23 снежня па 7 студзеня будзе працаваць навагодні аўтобус. Яго маршрут пачынаецца ад Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і ўключае прыпынкі: «Галоўная ёлка» (на плошчы), «Казачны свет кнігі» (бібліятэка), «Навагодняя гісторыя» (музей), «Навагодняе мастацтва» (Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў). Каб накіравацца ў падарожжа, можна падаваць групавыя заяўкі ў Цэнтр культуры ці індывідуальна патэлефанаваць на нумары 2-11-48 або 2-15-48 і запісацца (калі сфарміруецца група — жадаючым паведамяць пра гэта). Усю дадатковую інфармацыю таксама можна атрымаць па гэтых тэлефонах.

У рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» пройдуць тры навагоднія дабрачынныя ранішнікі: 26 снежня ў Цэнтры культуры — для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, змешчаных у прыёмныя сем’і і пад апеку;

27 снежня ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава — для дзяцей-інвалідаў; 28 снежня ў гімназіі №1 — для адораных дзяцей.

30 снежня юных жыхароў Дзятлаўшчыны чакае навагодняе музычнае інтэрактыўнае шоу з Машай і Мядзведзем «Але-оп у Новы год». А 1 студзеня ў 13 гадзін у Цэнтры культуры пройдзе дзіцячы гарадскі ранішнік.

— Што работнікі культуры падрыхтавалі для дарослых?

Цэнтр культуры прымае заказы на віншаванні ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Казачныя героі прыедуць да жадаючых дахаты або ў працоўныя калектывы. З 1 снежня па пятніцах і суботах з 20.00 да 2.00 у рэстаране «Ліпічанка» ладзяцца вечары жывой музыкі. Тут можна правесці свята ці навагодні карпаратыў у вясёлай кампаніі з сябрамі.

31 снежня у 21.00 на плошчы райцэнтра пачынаецца святочная навагодняя праграма. Яе ўдзельнікаў чакаюць казачныя героі, жартоўная латарэя, песні, а ў 1.00 стартуе танцавальная праграма.

Дарэчы, з 15 па 30 снежня праводзіцца раённы агляд-конкурс на лепшае афармленне фасадаў будынкаў і прылягаючых тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама ўласных падворкаў жыхароў горада Дзятлава. Пераможцаў чакаюць грашовыя прэміі.

— Што цікавае чакаць на Каляды?

25 снежня ў аграгарадку Раклевічы будзе ладзіцца калядны абрад, да жыхароў завітаюць калядоўшчыкі. У гэты ж дзень у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пройдзе музычна-каляднае шоу.

7 студзеня на праваслаўныя Каляды дзятлаўчан таксама чакае святочны канцэрт у Цэнтры культуры. У раёне будуць ладзіцца калядныя абрады, гучаць песні калядоўшчыкаў.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *