Алкаголь: што забараніць, што дазволіць?

Падзеі

У Міністэрстве ўнутраных спраў працуюць над праектам указа Прэзідэнта «Аб пытаннях рознічнага гандлю алкагольнымі, слабаалкагольнымі напоямі і півам». У ведамстве прапануюць не прадаваць алкаголь з 23 да 9 гадзін, а ў магазінах з плошчай гандлёвай залы 1000 метраў квадратных і больш адвесці для алкаголю асобную залу. Акрамя таго, сярод прапановаў — павялічыць узрост, калі маладым людзям дазволена набываць алкаголь, з 18 да 21 года, забараніць гандаль спіртным на запраўках.

Адпаведна статыстыцы, у нашай краіне кожнае чацвёртае злачынства ўчыняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Доля забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабаванняў, разбояў, хуліганстваў у п’яным стане дасягае 70-80%. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2016 годзе беларусы выпілі 16,4 літра алкаголю на чалавека, і гэта другое месца ў свеце пасля Літвы.

Карэспандэнтка газеты «Перамога» даведалася меркаванне наконт новага указа ў доктара-псіхатэрапеўта Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы

Барыса Отчыка:

Згодны з усімі прапанаванымі забаронамі. На маю думку, найлепш увогуле выдаліць алкаголь з прадуктовых магазінаў і арганізаваць яго продаж у спецыялізаваных крамах, як гэта зроблена ў некаторых краінах свету. Патлумачу, чаму. Людзі, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці, найчасцей — слабахарактарныя. Прыходзячы ў магазін па прадукты і гледзячы на спіртное на паліцах, яны адчуваюць неадольную цягу яго набыць і выпіць. Гэту псіхалагічную асаблівасць заўважалі на сабе многія, калі ў час шопінгу траціліся на рэчы, купляць якія не планавалі, але, убачыўшы, набылі.

Што тычыцца ўзросту, то паўналецце ў 21 год не новае для славян. Адзначу важную асаблівасць: чым пазней алкаголь і тытунь акажуць свой згубны ўплыў на арганізм чалавека, тым даўжэй ён застанецца здаровым. А што тычыцца жанчын, то ім наогул алкаголь і іншыя шкодныя рэчывы трэба забараніць ужываць для захавання дзетароднай функцыі. Бо яйцаклеткі ў арганізме закладзены на ўсё жыццё, і што за гэта жыццё выпіта і выкурана, назапашвальна ўплывае на здароўе будучага дзіцяці.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *