Злачынствы ў ІТ-сферы

Здарэнні і бяспека

Перыядычна ў прэсе з’яўляецца інфармацыя пра хакераў, узламаныя сайты, сеткі, пра крадзяжы грашовых сродкаў з дапамогай камп’ютара. Нам здаецца, што падобнае нас не тычыцца, не можа здарыцца з намі. На жаль, такія супрацьпраўныя дзеянні характэрны і для Дзятлаўскага раёна. Усе яны адносяцца да сферы інфармацыйнай бяспекі.

Інфармацыйная бяспека — гэта захаванасць інфармацыйных рэсурсаў дзяржавы, абароненасць законных правоў асобы і грамадства ў інфармацыйнай сферы. Інфармацыя і інфармацыйныя сістэмы, правы на іх — асноўныя аб’екты інфармацыйнай бяспекі.

Адна з праблем, крыніцай якой стала хуткае развіццё інфармацыйных тэхналогій, — несанкцыянаванае выкарыстанне персанальных даных грамадзян для розных мэтаў, пачынаючы ад рассылкі спама, заканчваючы несанкцыянаваным доступам да грашовых сродкаў на пластыкавых картках і рознымі формамі махлярстваў.
У гэтым артыкуле мы раскажам аб кіберзлачыннасці, бо новыя тэхналогіі абумоўліваюць новыя злачынствы. Умоўна такога роду супрацьпраўныя дзеянні можна падзяліць на некалькі групаў:

злачынствы, скіраваныя на незаконнае авалоданне, адабранне, знішчэнне або пашкоджанне камп’ютарнай тэхнікі і носьбітаў інфармацыі (яны разглядаюцца як замах на ўласнасць і кваліфікуюцца па артыкулах раздзела 24 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);

злачынствы, скіраваныя на атрыманне несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, яе мадыфікацыі, звязаныя з неправамерным авалоданнем камп’ютарнай інфармацыяй, распрацоўкай, выкарыстаннем або распаўсюджваннем шкодных праграм (такія дзеянні разглядаюцца як злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі і кваліфікуюцца па артыкулах раздзела 31 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);

злачынствы, у якіх камп’ютары і іншыя сродкі камп’ютарнай тэхнікі выкарыстоўваюцца ў якасці сродкаў учынення карыслівага злачынства, і намер вінаватай асобы скіраваны на авалоданне чужой маёмасцю шляхам змянення інфармацыі або ўвядзення ў камп’ютарную сістэму ілжывай інфармацыі (такія дзеянні разглядаюцца як крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і кваліфікуюцца па артыкуле 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Напрыклад, з верасня 2015 года па студзень 2016 года жыхар горада Століна, 1999 года нараджэння, узломваў электронныя старонкі карыстальнікаў сацыяльнай сеткі і для атрымання кантролю над іх акаўнтамі мяняў паролі, блакіруючы доступ да іх. Затым зламыснік звяртаўся па перапісцы да сяброў пацярпелых і прасіў паведаміць яму рэквізіты банкаўскіх картак, маўляў, не можа скарыстацца ўласнай, у якой скончыўся тэрмін дзеяння або яна заблакіравана. Некаторыя адрасаты, не правяраючы, хто сапраўдны аўтар звароту, выконвалі просьбу.

Атрымаўшы рэквізіты картак, юны хакер знімаў з іх грошы і пераводзіў на падкантрольныя яму рахункі або рабіў інтэрнэт-пакупкі. Адной з ахвяраў сямнаццацігадовага падлетка стала жыхарка Дзятлаўскага раёна.

На юнака была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 349 (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) і па артыкуле 212 (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ адзін прыклад. З 21 па 29 сакавіка невядомы з выкарыстаннем Інтэрнэту здзейсніў несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі на электронных паштовых скрынях ААТ «Дзятлаўская экспартна-сартавальная льнобаза», што нанесла шкоду ў асабліва буйным памеры.

7 жніўня невядомы злачынца здзейсніў несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі асабістай электроннай старонкі жыхаркі Дзятлаўскага раёна на сайце «ВКонтакте», разаслаўшы ад яе імя паведамленні з просьбай аб пералічэнні грошай на пазначаны нумар мабільнага тэлефона.

Прыклады сведчаць аб тым, што кіберзлачынствы здараюцца і на Дзятлаўшчыне. Каб абараніць сябе і свой камп’ютар, трэба прытрымлівацца наступных правілаў. Выкарыстоўвайце некалькі паштовых акаўнтаў. Для ўваходу ў пошту не выкарыстоўвайце просты пароль, нікому яго не называйце. Калі ёсць магчымасць «прывязаць» адрас электроннай пошты і акаўнт сацыяльнай сеткі да тэлефона, скарыстайцеся ёю. Калі атрыманае пісьмо напісана з памылкамі і надрукавана з сумніўнымі выявамі і ссылкамі, не рэагуйце на яго.

Калі заходзіце ў сваю пошту з чужога камп’ютара, не забывайце закрыць акаўнт пасля заканчэння работы. Калі атрымаеце ад сябра паведамленне з просьбай выслаць грошы або паведаміць асабістыя даныя, выслаць СМС для актывацыі і пацвярджэння свайго акаўнта — не верце. Хутчэй за ўсё, гэта дзейнічаюць махляры.

А. ЖУКЕЛЬ,
аператыўны ўпаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *