Правільны салодкі падарунак

Падзеі

Хутка навагоднія святы, і адмовіцца ад салодкага падарунка было б добра для здароўя, але немагчыма. Лішак цукру, хоць і ў свята, — шкодна. Што ж рабіць, калі дзеці ўсё роўна чакаюць цукерак? Вучыцца зніжаць шкоду ад салодкага.

Многія напярэдадні святаў адпраўляюцца ў суседнія краіны і часам набываюць прадукты, складу якіх нават не ведаюць, таму што інфармацыя на этыкетцы на незразумелай мове. Каб не расплачвацца здароўем, не ганіцеся за таннасцю. Набывайце прадукцыю вядомых вам вытворцаў. Пажадана — у фірменных магазінах фабрык. Звяртайце ўвагу на тое, каб прадукцыя была з паметкай стандарта «ГОСТ», «СТБ». На жаль, вялікая колькасць кандытарскай прадукцыі вырабляецца з дабаўленнем маргарыну, гідрагенізаваных тлушчоў.

У падарунку для дзіцяці не павінна быць цукерак з вышэйзгаданымі кулінарнымі або кандытарскімі тлушчамі.

Трэба, каб было як мага менш кансервантаў, фарбавальнікаў, заменнікаў цукру. Не прыдатны і прысмакі з кавай ці алкаголем. Ледзяшы, карамель і ірыс — таксама прэч, бо такая цукерка доўга знаходзіцца ў роце, моцна псуе зубы і празмерна актывізуе выпрацоўку інсуліну. Калі выбіраеце пячэнне — то менавіта дзіцячае.

Можна дадаць у падарунак пасцілу, мармелад, зефір.

Дома ніколі не павінна быць шмат прысмакаў, іх трэба жорстка дазіраваць і кантраляваць, каб не сфарміраваць няправільныя харчовыя паводзіны дзіцяці. Паводле рэкамендацый дыетолагаў, можна ўжываць не больш за 2-3 цукеркі ў дзень, або 20-30 г прысмакаў. Частавацца трэба выключна пасля яды, калі дзіця не галоднае і не мае жадання праглынуць некалькі цукерак за адзін раз. Дазвольце малому атрымаць задавальненне ад усяго працэсу, пачынаючы з разгортвання прыгожай абгорткі.

У падарунку не рабіце наогул акцэнт на салодкае. Няхай там будзе цацка, сувенір, а ў дадатак — невялікая колькасць цукерак, якія вы падзеліце па днях.

Рыхтуючы навагодні стол, зрабіце разам з дзецьмі міні-бутэрброды або канапэ з садавіны, якую можна дробна нарэзаць. Паспрабуйце зрабіць цукеркі з сухафруктаў, арэхаў, вафельных лістоў і кунжуту. Салодкую газіроўку замяніце на ваду (пакладзіце туды парэзаныя фрукты), хатні морс або невялікую колькасць фруктовага соку.

І. ГУСЕВА,
доктар-эндакрынолаг Дзятлаўскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *