Пагадненне аб выплаце аліментаў

Здарэнні і бяспека

Пры згадванні словазлучэння «спагнанне аліментаў» многія ўяўляюць судовыя працэсы па вызначэнні памеру і спосабу спагнання плацяжоў. Аднак у Кодэксе РБ аб шлюбе і сям’і існуе больш простае рашэнне гэтай праблемы: бацькам дастаткова заключыць пагадненне аб выплаце аліментаў, якое тычыцца пытанняў матэрыяльнага забеспячэння дзіцяці.

Заключэнне пагаднення аб утрыманнi сваiх непаўналетніх i (або) непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, рэгулюецца раздзелам 11-1 Канстытуцыі.

Такое пагадненне заключаецца, калі бацькі могуць узаемна дамовіцца аб памерах, спосабах і парадку выплаты аліментаў;
пагадненне не можа быць заключана, калі аліменты ўжо выплачваюцца на падставе судовай пастановы, шлюбнага дагавора або пагаднення аб дзецях. У гэтых дакументах ужо вырашаны пытанні выплаты аліментаў.

Пагадненне павінна быць складзена ў пісьмовай форме і засведчана натарыяльна. Калі форма пагаднення не адпавядае патрабаванням Канстытуцыі аб шлюбе і сям’і, то здзелка будзе лічыцца несапраўднай.

Таксама пагадненне аб выплаце аліментаў можа быць несапраўдным, калі ўмовы, якія там прапісаны, парушаюць правы дзіцяці і яго законныя інтарэсы на момант заключэння дагавора. Напрыклад, калі памер выплатаў на непаўналетніх дзяцей ніжэй за прадугледжаны часткай першай артыкула 92 Кодэкса аб шлюбе і сям’і. На адно дзіця выплачваецца 25 працэнтаў, на двух — 33, на трох і больш дзяцей — 50 працэнтаў заробку і (або) iншага даходу аднаго з бацькоў у месяц. Устаноўлена, што для працаздольных бацькоў мінімальны памер аліментаў на непаўналетніх дзяцей у месяц павінен складаць не менш за 50 працэнтаў на адно дзіця, 75 працэнтаў на двух дзяцей, 100 працэннтаў на трох і больш дзяцей ад бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. Такія нормы ўстаноўлены Саветам Міністраў РБ і перыядычна змяняюцца. Можна ўстанавіць больш высокі памер аліментаў, чым прадугледжана законам.

Ёсць чатыры спосабы выплаты аліментаў паводле пагаднення:
у працэнтных адносінах да заробку і (або) iншага даходу аднаго з бацькоў, які абавязаны выплачваць аліменты;
у цвёрдай грашовай суме, якую выплачваюць перыядычна;
у цвёрдай грашовай суме, якую выплачваюць адначасова;
шляхам перадачы маёмасці ва ўласнасць дзіцяці.

Бакі маюць права ўстанавіць найбольш аптымальны для іх спосаб выплаты аліментаў, а таксама спалучаць некалькі спосабаў адначасова.

Формы атрымання аліментаў могуць быць таксама разнастайнымі:
наяўнымі грашмі, якія перадае плацельшчык;
пералічэннем аліментаў арганізацыяй, у якой працуе плацельшчык;
на рахунак атрымальніка ў банку;
паштовым пераводам.

Калі аліменты выплачваюцца перыядычна, то можна прадугледзець у Пагадненні адказнасць таго, хто выплачвае аліменты, за пратэрміноўку плацяжоў. Паводле закона, за несвоечасовую выплату аліментаў з даўжніка спаганяецца 0,3 працэнта ад сумы нявыплачаных аліментаў за кожны дзень пратэрміноўкі. Гэтыя правілы прымяняюцца і ў выпадку пратэрміноўкі плацяжоў па пагадненнi аб выплаце аліментаў.

Пагадненне можа быць зменена або скасавана па дамоўленасці бакоў. Гэта павінна быць натарыяльна заверана. Калі немагчыма дамовіцца аб змене або скасаванні Пагаднення ў добраахвотным парадку, то той, хто зацікаўлены, мае права падаць у суд аб змене або скасаванні пагаднення ў судовым парадку.

Ж. СЁМУХА,
загадчыца натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *