Іпатаў расказаў, якія законапраекты плануецца ўнесці ў план на 2018 год

Улада

План законапраектаў на 2018 год цяпер фарміруецца і пакуль знаходзіцца ў стадыі ўзгаднення. Аб гэтым у інтэрв’ю расказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў.
Паводле яго слоў, на сённяшні дзень плануюцца да распрацоўкі новыя праекты законаў «Аб персанальных даных», «Аб судова-экспертнай дзейнасці», а таксама канцэпцыя праекта закона «Аб папярэджанні насілля ў сям’і».
У сацыяльнай сферы з улікам практыкі правапрымянення будуць унесены змяненні ў законы «Аб ахове працы», «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях», «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі», а таксама ў законы па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў у мэтах рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў, донарства крыві і яе кампанентаў.
З улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы прадугледжана комплексная карэкціроўка закона «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь».
Акрамя таго, плануецца ўнясенне змяненняў у законы «Аб рэкламе», «Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці», «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў», у законы па пытаннях забеспячэння пагранічнай бяспекі, узмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і іншыя.
У мэтах прывядзення законаў у адпаведнасць з міжнародна-прававымі актамі, што складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза, будуць унесены змяненні ў Кодэкс унутранага воднага транспарту, закон «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў».
Увядзенне міжнародных стандартаў аўдытарскай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі патрабуе ўнясення змяненняў у закон «Аб аўдытарскай дзейнасці». Прадугледжваецца таксама карэкціроўка закона «Аб дарожным руху» па пытаннях выдачы міжнародных вадзіцельскіх пасведчанняў і прадастаўлення права на кіраванне транспартнымі сродкамі.
Канчатковая рэдакцыя плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год пасля ўзгаднення з зацікаўленымі будзе прадстаўлена ў снежні 2017 года на зацвярджэнне Прэзідэнта, заўважыў Вадзім Іпатаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *