Чэшскія «цікавасці»

Падзеі

Дзівосная краіна Чэхія. Гатычная архітэктура, саборы, замкі, утульныя кафэ, старадаўнія дамы і нават… прывіды — чаго там толькі няма.

А Прага! Увесь горад прасякнуты асаблівай атмасферай. Тут міжволі пачынаеш верыць у цуд. Горад захоплівае і здзіўляе.

Напрыклад, многія дамы маюць містычную гісторыю, ахутаную стагоддзямі. А па начах, як мне распавядалі мясцовыя жыхары, блукаюць прывіды. Верыць ці не? — Вырашайце самі. Пераказаць усе гісторыі немагчыма, таму я падзялюся найбольш цікавымі і загадкавымі, на мой погляд.

Напэўна, адно з самых таямнічых месцаў у Празе — гэта Злата вулачка. Там мініяцюрныя домікі размешчаны адзін ад аднаго на адлегласці не больш за метр. У 16 стагоддзі тут жылі алхімікі, але сваю назву вулачка атрымала ад ювеліраў. Ёсць павер’е, што ў канцы вуліцы каля апошняга ліхтара ў туманную ноч можна ўбачыць белы дом. Згодна з паданнем, гэта дзверы ў іншы свет.

Мноства легендаў звязана і з домам «У трох страусаў». Вось адна з іх.

Жонка гаспадара дома вельмі хацела завесці хатняга страуса. Мужу гэтая ідэя не спадабалася, але ён усё ж падарыў ёй птушку. Потым жанчына захацела другога страуса. Гэты капрыз таксама быў выкананы. Калі гаворка зайшла аб трэцім страусе, мужчына моцна раззлаваўся. Што адбылося далей — невядома. На наступны дзень гаспадыня прапала, а на шыльдзе дома з’явіўся трэці страус.

Яшчэ адна страшная легенда — пра дом Фаўста, нямецкага доктара, які прадаў душу д’яблу. Лічыцца, што чорт пацягнуў яго ў пекла менавіта з гэтага дома, пакінуўшы ў столі вялікую дзірку. Але не толькі Фаўст праславіў будынак. У розныя часы ў доме жылі алхімікі. Самы вядомы з іх — студэнт Эдвард Кэлі. Хлопца выгналі з кватэры, бо ў яго не было грошай плаціць за жыллё. Ён доўга блукаў па горадзе, пакуль выпадкова не натыкнуўся на адзін дом. Тады малады чалавек яшчэ не ведаў, хто там жыве. Дзверы былі не зачынены, і студэнт зайшоў. Калі хлопец убачыў дзірку, то адразу падумаў пра Фаўста. У доме адбывалася незвычайнае: то лесвіца знікала, а потым з’яўлялася, то скульптуры рухаліся або выдавалі нейкія гукі. Але адна неверагоднасць усё ж такі цешыла студэнта: кожны дзень ён знаходзіў на талерцы грошы. Сябры не маглі зразумець, адкуль у Эдварда гэтыя грошы бяруцца, а ў госці зайсці баяліся. Неўзабаве студэнту стала мала і гэтых грошай. Хацелася золата. Ён вырашыў выкарыстаць вядзьмарскую кнігу Фаўста і заклікаць духаў. Пасля гэтага хлопец знік. Сябры дарэмна шукалі яго, хоць бачылі, як за ім зачыніліся дзверы. У доме, дзе ён жыў, усё было раскідана, на столі — дзірка і кроплі свежай крыві. Стала зразумелым: Эдварда яны больш не ўбачаць.

Дакладна невядома, ці жыў калі-небудзь Фаўст у Празе, але жудасныя гісторыі не перастаюць хваляваць турыстаў і цяпер.

Менавіта гэтыя гісторыі ўразілі мяне больш за астатнія, бо пачула я іх познім вечарам. У гэты час сутак містыка ўспрымаецца больш востра.

Незвычайнасці Чэхіі ўяўляюцца і без містыкі. Напрыклад, кухня краіны. Па-першае, стравы вельмі каларыйныя, а па-другое, порцыі вялізныя, і адной можа хапіць на некалькі чалавек.

Калі ў чэшскім рэстаране я атрымала свой заказ, падумала, што няправільна сфармулявала афіцыянту тое, пра што прасіла. Адной з вядомых нацыянальных страваў з’яўляецца веправа калена (свіная рулька). Порцыі па 1-1,5 кілаграма. Да мяса звычайна падаюць кнэдлікі — прэсны хлеб з мукі ці бульбы.

З дэсертаў у Чэхіі папулярныя аплаткі — вафлі з рознымі начынкамі: шакаладныя, з арэхамі, карамеллю.
Чэхі вельмі арыгінальныя. Так што не бянтэжцеся, калі ўбачыце ці пачуеце: «труна» або «два вяночкі». Гэта ўсяго толькі назвы пірожных. Купіць іх можна ў кафэ «Marnice», што перакладаецца як «Морг». І сапраўды, раней там знаходзіўся морг. Многіх наведвальнікаў гэта не палохае. А я так і не адважылася перакусіць там.

Кажуць, што ў Празе збываюцца жаданні. Самае вядомае месца — Карлаў мост. Там у кожнага ёсць тры шанцы загадаць жаданне. Напрыклад, каля статуі Яна Непамуцкіага. Гэта святы, скінуты ў раку з-за таго, што не адкрыў таямніцу споведзі самому каралю. Каб споўнілася жаданне, трэба проста дакрануцца да статуі рукой. Другое чароўнае месца — пасярэдзіне маста, адкуль скінулі Яна Непамуцкага ў раку. Загадаць жаданне можна яшчэ пры ўваходзе на Карлаў мост, у чатырох зімародкаў. Лічыцца, што калі ўбачыць пятага, то ўсё загаданае абавязкова збудзецца. А сакрэт просты: пяты зімародак знаходзіцца на самым бачным месцы прама над уваходам.

На мой погляд, гэтыя «цікавасці» многіх і завабліваюць у Чэхію. Пабываць там перад Новым годам і пагрузіцца ў атмасферу — значыць адчуць падвойнае чараўніцтва.

Ю. БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *