Ачышчальныя збудаванні вымагаюць рэканструкцыі

Здарэнні і бяспека

Паводле планавага задання пракуратуры Гродзенскай вобласці пракуратурай Дзятлаўскага раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні водаў. У час пракурорскай праверкі ўстаноўлена, што мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, суб’ектамі гаспадарання патрабаванні заканадаўства выконваюцца не ў поўным аб’ёме.

Так, згодна з пратаколам даручэнняў першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, выпрацаваным 6 лістапада 2015 года на нарадзе па навядзенні парадку, Дзятлаўскім райвыканкамам паводле рашэння ад 28 ліпеня 2016 года №260 было запланавана перадаць на працягу 2016 года два водаправоды: аграгарадка Белагурна КСУП «Белагурна» і аграгарадка Войневічы КСУП «Войневічы». Аднак да цяперашняга часу водаправод аграгарадка Белагурна КСУП «Белагурна» не перададзены на баланс Дзятлаўскага РУП ЖКГ.

Пры наведванні ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод, было ўстаноўлена, што ачышчальныя збудаванні прадпрыемства ўведзены ў эксплуатацыю ў 1968 годзе і ўяўляюць сабой карты палёў фільтрацыі, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад горада. У розныя інстанцыі пастаянна паступаюць скаргі жыхароў горада Дзятлава, звязаныя з непрыемным пахам. Ачышчальныя збудаванні моцна зношаны і ў сувязі з павелічэннем аб’ёму вытворчых сцёкаў (уведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці сыру «Рыкота») не спраўляюцца з ачысткай.

У 2010 годзе прадпрыемства распрацавала праект «Рэканструкцыя ачыстных збудаванняў і каналізацыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», які цяпер патрабуе стараннай і дарагой карэкціроўкі. З-за адсутнасці сродкаў на карэціроўку 8 студзеня 2017 года прадпрыемства звярнулася ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з запытам аб пераносе палёў фільтрацыі на значную адлегласць ад горада. Мінпрыроды ў сваім адказе за 9 кастрычніка 2017 года вызначыла, што «ўлічваючы спецыфіку тэхналагічнага працэсу вытворчасці малочнай прадукцыі, перанос месцазнаходжання картаў палёў фільтрацыі не вырашыць праблемы невыканання патрабаванняў у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва па ўхіленні непрыемных пахаў, а таксама не дазволіць мінімізаваць негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе ў выніку скідвання вытворчых сцёкавых водаў».

Такім чынам, праблема ачышчальных збудаванняў ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» не вырашаецца на працягу доўгага часу, што выклікае абгрунтаваныя звароты грамадзян у розныя інстанцыі.

Аналагічным чынам прыйшлі ў нягоднасць гарадскія ачышчальныя збудаванні Дзятлаўскага РУП ЖКГ, якія знаходзяцца ў вельмі занядбаным стане, патрабуюць неадкладнай рэканструкцыі і рамонту. Акрамя таго, 19 кастрычніка 2017 года ў час абследавання гарадскіх ачышчальных збудаванняў выяўлены парушэнні санітарных нормаў і правілаў. Так, на тэрыторыі ачышчальных збудаванняў ажыццяўлялася неўпарадкаванае складванне металалому, што парушае патрабаванні пункта 36 санітарных нормаў і правілаў «Патрабаванні да сістэмаў водаадвядзення населеных пунктаў», зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь №48 ад 15 мая 2012 года. Парушаўся і пункт 64 гэтых санітарных нормаў і правілаў: не была праведзена пафарбоўка і пабелка ў памяшканні паветрадувак, пафарбоўка поручняў лесвіцы, якая вядзе да аэраценкаў.

На тэрыторыі ачышчальных збудаванняў своечасова не было скошана пустазелле, чым парушаны пункт 36 санітарных правілаў «Аб арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў па знішчэні грызуноў, бытавых насякомых, камароў падвальных памяшканняў», зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь №54 ад 23 ліпеня 2002 года.

Неналежная арганізацыя работы па пытаннях бесперабойнага і якаснага забеспячэння пітной вадой насельніцтва Дзятлаўскага раёна, а таксама неналежнае ўтрыманне ачышчальных збудаванняў адмоўна ўплывае на стан прыродных рэсурсаў, пагражае не толькі экалагічнай бяспецы навакольнага асяроддзя, але і падвяргае рызыцы здароўе і жыццё грамадзян.

У сувязі з выяўленымі парушэннямі заканадаўства аб ахове і выкарыстанні водаў пракуратурай Дзятлаўскага раёна ўнесена прадстаўленне ў раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў.

А. ЮРКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *