«100 ідэй для Беларусі». Занальны этап у Дзятлаве

Падзеі

Занальны этап рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі» сабраў маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў з Карэліцкага, Навагрудскага, Слонімскага, Дзятлаўскага раёнаў. У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава яны прэзентавалі свае праекты перад экспертамі і равеснікамі. Іх лепшыя ідэі ў далейшым будуць прадстаўлены на абласным этапе.

— Рэспубліканскі конкурс «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Ён падтрымлівае грамадзянскія ініцыятывы маладых людзей, скіроўвае моладзь на вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, — зазначыла першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Кацярына Хілімончык. Яна прадставіла ўдзельнікам занальнага этапу конкурсу экспертнае журы — старшыню кантрольнай камісіі Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Сяргея Валчкевіча, старшыню Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэя Сатарава, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алену Гарановіч.

— У конкурса «100 ідэй для Беларусі» ўдалая назва, — адзначыў Андрэй Сатараў, — бо сто ідэй — гэта тое, што нам неабходна. Мы жывём у стагоддзе інтэнсіўных пераменаў. За апошнія дзесяцігоддзі ў навуцы і тэхналогіях адбылося больш зменаў, чым за астатні час існавання гісторыі чалавецтва. Таму я жадаю, каб да кожнага з вас прыйшла ідэя, якая дапаможа ў развіцці эканомікі нашай краіны, зробіць вас вядомымі, бо многае пачынаецца з такіх конкурсаў.

На занальным этапе ў Дзятлаве маладыя рацыяналізатары прадставілі 15 праектаў, 5 з якіх падрыхтавалі юныя жыхары нашага раёна. Большасць праектаў адносіліся да намінацый «Сацыяльная сфера» і «Сацыяльна-гуманітарны накірунак», некалькі ўдзельнікаў выбралі намінацыі «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць», «Натуральна-навуковы накірунак», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць».

Да выкарыстання прыродных крыніцаў энергіі заклікалі праекты «Падоўжым іх доўгі век» А. Пацыновіча з сярэдняй школы №1 горада Дзятлава і «Аднаўляемая крыніца энергіі, мясцовыя і другасныя энергарэсурсы» П. Жак з сярэдняй школа №8 горада Слоніма. І калі дзятлаўчанін прапаноўваў з другасных матэрыялаў і святлоназапашавальных лямпаў ствараць дэкаратыўныя свяцільні для прысядзібных участкаў, то госця са Слоніма расказала, як з сонечных батарэй змайстраваць невялікае зараднае прыстасаванне.

Навучэнец Наваельнянскай школы Я. Сокал напісаў развіваючую камп’ютарную гульню «Брыгада Заслонава» і прадставіў яе на выставе праектаў. Яго равеснік з сярэдняй школы №3 горада Дзятлава І. Панько пазнаёміў экспертаў са створанай ім віртуальнай «Энцыклапедыяй маленькаага беларуса». Навучэнка Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы К. Ляшчун падзялілася вынікамі работы над праектам па другасным выкарыстанні сапрапелевых гразяў.

Моладзевы медыяцэнтр «Slon-Youth» прадставілі навучэнцы сярэдняй школы №4 імя П. Батава горада Слоніма. Яшчэ адзін прадстаўнік Слонімшчыны, майстар прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці В. Быльчынскі, прывёз на конкурс мадэрнізаваны лістагібачны станок, які каштуе значна танней і больш просты ў абслугоўванні, чым дзеючыя аналагі. Інжынер гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Т. Кір’яновіч расказала, што ўжо некалькі гадоў займаецца распрацоўкай трэніровачнага комплексу для навучання спартсменаў складаным элементам фігурнага катання. Эканоміць на ацяпленні, абсталяваўшы дзверы і вокны гукавой сігналізацыяй, якая падкажа, што іх забыліся зачыніць, прапанаваў А. Гаўрылюк з Карэліцкага раёна. Пра накірункі работы школьнага арт-цэнтра «Натхненне» расказала навучэнка сярэдняй школа №1 горада Дзятлава Я. Касцюкевіч.

Маладыя рацыяналізатары Навагрудчыны вынеслі на суд экспертаў пяць праектаў. Яны расказалі, як атрымаць за сезон два ўраджаі бульбы, падарыць старым палімерам новае жыццё, пабудаваць домік для кніг, змайстраваць пладазборнік з алюмінію. Зацікавіў экспертаў праект «ОМИС», які прадставілі дырэктар і спецыялісты Навагрудскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яны распрацавалі інтэрактыўную гульню (дошку і модулі на магнітах), якая дапаможа дзецям малодшага ўзросту і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця больш даведацца пра родную Беларусь, запомніць яе карту, гербы гарадоў, славутасці, чырвонакніжных жывёлін. Напрыканцы распрацоўшчыцам гэтага праекта Алене Міклаш, Алене Станкевіч, Анжэле Апалонік уручылі дыплом пераможцаў занальнага этапу конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Такія ж дыпломы атрымалі прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна Ягор Сокал за камп’ютарную гульню «Брыгада Заслонава», Ілья Панько за віртуальную «Энцыклапедыю маленькага беларуса», сланімчанін Вадзім Быльчынскі за станок лістагібачны мадэрнізаваны, Таццяна Кір’яновіч з Карэліцкага раёна за трэніровачны комплекс для навучання і ўдасканалення шматабаротных скачкоў і складаных кручэнняў у фігурным катанні на каньках. Падзяку Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» за праект «Другаснае выкарыстанне лячэбных сапрапелевых гразяў у павышэнні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур» атрымала навучэнка Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ксенія Ляшчун.

Усе ўдзельнікі занальнага этапу конкурсу «100 ідэй для Беларусі» адзначаны адпаведнымі сертыфікатамі і атрымалі на памяць кубкі з эмблемай конкурсу ад Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ».

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *