Фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». Свята заклікае!

Падзеі

— Выдатна, што сёння мы сабраліся на свята. У вас, паважаныя дарослыя, шмат неадменных справаў, але давайце забудзем пра іх і разам з дзецьмі, роднымі, блізкімі і сябрамі адпачнем на славу. Сёння ў нашым горадзе ўпершыню стартуе фестываль умення, майстэрства, узаемаразумення і радасці, фестываль сямейнага адпачынку — «Зецельскі фэст», — з такімі словамі, адкрываючы свята, да жыхароў і гасцей горада звярнуліся вядучыя Валерый Макарчык і Наталля Маліноўская.

Нягледзячы на капрызы надвор’я на плошчы 17 Верасня, дзе стартавала свята, сабралася шмат людзей. Пад крыламі стракатых парасонаў яны пахаваліся ад дажджу і актыўна, хто на тэлефон, хто на фатаапарат здымалі пачатак дзеі і проста назіралі, падтрымлівалі артыстаў шчырымі ўсмешкамі.

Вясёлым танцам з мяккімі цацкамі ў руках гледачоў павіталі самыя юныя ўдзельнікі святочнай праграмы.
Вядучыя расказалі прысутным, дзе ў горадзе знаходзяцца пляцоўкі фестывалю, якія конкурсы і забавы чакаюць сем’і, дзе можна зарабіць бонусы, з дапамогай якіх самыя актыўныя сем’і стануць пераможцамі і атрымаюць прызы. Вынікі будуць падведзены на плошчы ў 15 гадзін, а пакуль — свята заклікае!

Абапал галоўнай сцэны фестывалю размясціліся шэсць пляцовак брэндавых мерапрыемстваў праекта «Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім». Ідэі гэтага праекта лаканічна «ўпісаліся» ў свята сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». На пляцоўках можна было пазмагацца за бонусы.

Святы хлеба і вышыванкі прадстаўляла Наваельня. Гаспадары пляцоўкі заклікалі гасцей паўдзельнічаць у конкурсах «Лыжкі», «Трапны стралок», «Вясёлыя луньцікі», «Снапок».

Паколькі КСУП «Русь-Агра» і аграгарадок Раклевічы ладзілі Свята мёду, то менавіта гэты карысны прадукт у шырокім асартыменце яны прадставілі на сваёй пляцоўцы. Удзельнікам фестывалю тут прапанавалі вясёлы конкурс «Злаві блінок». Зрабіць гэта трэба было ротам, без дапамогі рук. Вельмі няпроста ў такім конкурсе зарабляць бонусы. Паспрабуйце.

Свята яблыкаў — брэнд Жукоўшчыны. На гэтай пляцоўцы і гандлявалі, і частавалі, і, вядома, бонусы лепшым давалі.

Аграгарадок Дварэц вядомы Святам лёну. На пляцоўцы Дварца сем’ям прапаноўвалі заматацца ў ільняныя паяскі, хто хутчэй, таму — бонус.

Не так даўно Свята гарбуза праходзіла ў Казлоўшчыне. А цяпер частка казлоўшчынскага аранжавага ўраджаю прыехала на дзятлаўскі фэст. На пляцоўцы актыўна гандлююць сваім таварам, лепшым пакупнікам — бонусы.
З ААТ «Граніт-Агра» да нас завітала царыца палёў — кукуруза. Работнікі Данілавіцкага дома культуры вырашылі парадаваць сем’і інтэлектуальным конкурсам «Што вы ведаеце пра кукурузу?». Самым дасведчаным наконт гэтай цудоўнай культуры давалі бонусы.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *