Рэгуляванне дзейнасці фізічных асобаў

Здарэнні і бяспека

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2017 года №337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асобаў” (далей – Указ) пашыраны пералік відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай. У адпаведнасці з Указам з 22 кастрычніка 2017 года не трэба рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, калі вы хочаце:
прадаваць хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, гатовую кулінарную прадукцыю. Пры гэтым такі продаж дазволены толькі ва ўстаноўленых для гэтага месцах (напрыклад, гандлёвых кропках, на рынках, у гандлёвых павільёнах);
прадастаўляць іншым фізічным асобам кватэры, дамы, дачы для кароткатэрміновага (не больш за 15 дзён) пражывання;
выконваць работы (аказваць паслугі) па:
дызайне інтэр’ераў;
графічным дызайне, афармленні (упрыгожванні) аўтамабіляў або памяшканняў унутры;
мадэляванні прадметаў афармлення інтэр’еру, тэкстыльных вырабаў, мэблі, адзення і абутку, прадметаў асабістага карыстання і бытавых вырабаў;
рамонце гадзіннікаў, абутку;
рамонце, аднаўленні, зборцы мэблі;
наладжванні музычных інструментаў;
распілоўцы і колцы дроваў;
пагрузцы і разгрузцы грузаў;
пашыве адзення, галаўных убораў, абутку з матэрыялаў заказчыка;
аддзелачных работах, у тым ліку кладцы і рамонце печаў і камінаў;
распрацоўцы веб-сайтаў, устаноўцы (наладцы) камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, аднаўленні, рамонце, тэхнічным абслугоўванні камп’ютараў, навучанні работы на іх, рамонце і абслугоўванні перыферыйнага абсталявання;
аказанні цырульных і касметычных паслугаў, а таксама паслугаў па манікюры і педыкюры.

Калі вы хочаце займацца адным або некалькімі відамі дзейнасці без рэгістрацыі ІП, трэба выконваць адначасова наступныя ўмовы:
выконваць работы (аказваць паслугі) самастойна. Задзейнічаць у рабоце іншых асобаў па працоўных і (ці) грамадзянска-прававых дагаворах нельга;
працаваць толькі для асабістых, бытавых і сямейных патрэбаў фізічных асобаў. Напрыклад, без рэгістрацыі ІП вы можаце адрамантаваць чалавеку камп’ютар, якім ён карыстаецца дома. Аказаць такую паслугу арганізацыі вы не маеце права;
выконваць санітарныя патрабаванні, калі выбраны від дзейнасці ўключаны ў пералік работ (паслугаў), да якіх такія патрабаванні ўстаноўлены. Да іх адносяцца, напрыклад, паслугі цырульніка, аддзелачныя работы, выраб і продаж кандытарскіх вырабаў;
прайсці працэдуру афармлення.

Перш чым пачаць займацца тым ці іншым відам дзейнасці, неабходна накіраваць пісьмовае паведамленне ў падатковую інспекцыю па месцы рэгістрацыі і заплаціць адзіны падатак да пачатку ажыццяўлення выбранага віду дзейнасці. Адзіны падатак — гэта штомесячны плацеж, які выплачваецца за тыя месяцы, у якіх вы плануеце працаваць. Памер падатку будзе залежаць ад таго, якім відам дзейнасці вы хочаце займацца і ў якім населеным пункце.

На фізічных асобаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць, прадугледжаную Указам, не ўскладаецца абавязак па выкананні ўстаноўленага заканадаўствам парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў, парадку вядзення ўліку атрыманых даходаў і парадку прадастаўлення ў падатковы орган падатковых дэкларацый (разлікаў) у сувязі з ажыццяўленнем дзейнасці.

Калі будзе ўстаноўлена, што грамадзянін ажыццяўляў дзейнасць без выплаты адзінага падатку, яго абавяжуць выплаціць падатак па дзеючай стаўцы. Пры паўторным парушэнні прыйдзецца заплаціць падатак у пяцікратным памеры.

Т. КАСЦЮКЕВІЧ,
намеснік начальніка ўпраўлення па працы з плацельшчыкамі па
Дзятлаўскім раёне

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *