Навошта нам прышчэпкі?

Падзеі

Медыкі сцвярджаюць, што пачатак кастрычніка — канец лістапада з’яўляецца самым ўдалым перыядам для прышчэпак ад грыпу. Менавіта ў гэты час арганізм паспявае выпрацаваць імунітэт і захаваць яго на аптымальны тэрмін (6-8 месяцаў). Для чаго патрэбны прышчэпкі? Ці абавязкова іх рабіць? На гэтыя і іншыя пытанні адказала загадчыца Дзятлаўскай раённай паліклінікі Алена Куцко.

Алена Канстанцінаўна, няўжо арганізм не справіцца з хваробай самастойна, без прышчэпкі?

— Вакцынацыя робіцца добраахвотна. Жадаючых зрабіць прышчэпку з кожным годам усё больш. Да прыкладу, 5 гадоў таму ў Беларусі было прышчэплена 22% насельніцтва, у мінулым — больш за 40%. Адсюль і вынікі: калі раней на грып хварэлі 2,5% жыхароў Беларусі, то ў мінулым годзе — усяго 0,06%.

Ці трэба плаціць за прышчэпку?

— Калі вы не ўваходзіце ў групы рызыкі захворвання, то прышчэпка будзе платнай. Бясплатна прышчапляюць самых слабых: дзяцей ва ўзросце ад 6 месяцаў; дарослых з хранічнымі захворваннямі; пажылых людзей, старэйшых за 65 гадоў; цяжарных; медработнікаў; работнікаў дзяржаўных органаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (МУС, МНС, ЖКГ).

Якімі вакцынамі ў нас робяць прышчэпкі?

— Для бясплатных прышчэпак выкарыстоўваецца вакцына «Грыпол +». Яе вырабляюць у Расіі, а фасуюць у Беларусі.

Чаму важна прышчапіцца менавіта цяпер?

— Таму што яшчэ не пачаўся сезон прастуд і абвастрэнняў хранічных захворванняў. Чалавек, які робіць прышчэпку, павінен быць здаровы. Абарона ад грыпу фарміруецца не адразу, а праз 3 тыдні. Але калі па стане здароўя чалавек зможа зрабіць прышчэпку, напрыклад, праз 2 месяцы, то гэта той выпадак, калі лепш позна, чым ніколі.

Як уплывае грып на хранічныя захворванні і цяжарнасць?

— Вірус грыпу аслабляе імунную сістэму і прыводзіць да абвастрэння хранічных захворванняў. Да прыкладу, у тых, у людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, грып можа справакаваць інфаркт ці інсульт.
Цяжарным жанчынам рэкамендуецца прышчапляцца ад грыпу ў другім і трэцім трыместры цяжарнасці. Гэта спрыяе абароне самой жанчыны і яе дзіцяці ў першыя паўгода яго жыцця.

Ці патрэбна татальная вакцынацыя?

— Добра, калі працоўны калектыў вакцынаваны на 90%. Але калі на прышчэпку пагадзіліся як мінімум 40% работнікаў, то гэтага дастаткова, каб спрацаваў эфект калектыўнай абароны ад грыпу.

Ю. БАКУНОВІЧ

Стоит почитать:

Прышчапіцеся, на здароўе!

В Беларуси от гриппа привито уже более 1,5 миллиона человек

Началась кампания иммунизации против гриппа



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *