Мамы бываюць розныя, ваша — асаблівая

Падзеі

14 кастрычніка адзначаецца праваслаўнае свята Пакровы Прасвятой Багародзiцы. Сімвалічна, што на гэты дзень прыпадае яшчэ адно свята — Дзень маці.

Цэлы дзень адсылаюцца СМС-паведамленні, віншаванні ў сацыяльных сетках. Многія фармальна пішуць іх адзін аднаму. Калі ж задумацца — гэта вельмі важнае свята для кожнага з нас, таму што ў кожнага была мама. Калі б не яна, нікога з нас не было б на свеце.

Не прыніжаючы значнасці бацькі, зірнём праўдзе ў вочы. Менавіта маці насіла нас 9 месяцаў пад сэрцам. Менавіта яна дала нам жыццё — самае каштоўнае, што мы атрымалі. Пытанне, на якое кожны павінен адказаць сабе: «Што я зрабіў з гэтым дарам? Дзе я цяпер і з кім? Ці памятаю пра таго чалавека, праз якога прыйшоў у свет?».

Адносіны з маці могуць быць рознымі. У казках ёсць маці і мачаха, у жыцці адна і тая жанчына можа адносіцца да свайго дзіцяці па-рознаму. З некаторымі маці можна дагаварыцца, з некаторымі — не. Адны мяняюцца, другія застаюцца ранейшымі. Адны з кожным годам становяцца лепшымі, іншыя — горшымі. Аднак менавіта гэта жанчына нарадзіла вас, якой бы яна ні была сёння, што б вы пра яе не думалі. Гэта — факт, які не змяніць.

Сустракаюцца розныя маці: добрыя і злыя, шчодрыя і скупыя на пяшчотныя словы, падтрымку.
Але ваша маці — асаблівая, бо незалежна ад таго, якой яна была (заставалася мяккай ці скіроўвала на вас увесь свой гнеў), да гэтай пары жыве ці памерла пры родах, менавіта яна стаяла паміж вашым існаваннем і неіснаванем.

Вы пасварыліся і крыўдуеце на сваю маці, не размаўляеце з ёй. Або вы любіце яе і ўжо тры разы сёння тэлефанавалі. Гэта ўсё гаворыць аб тым, што вы пра яе памятаеце, яна вам патрэбная і будзе патрэбная заўжды.

Калі ж вы заблыталіся ў складаных адносінах з бацькамі, не ведаеце, што рабіць, вазьміце сабе за правіла пятую Божую запаведзь: «Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб табе добра было, каб ты доўга пражыў на зямлі».

В. СТУПЧЫК,
псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *