Кветкі — гэта маладосць душы

Падзеі

Для тых, хто любіць кветкі і жыве ў прыватным доме, цёплая пара года — гэта свабода і прастор для дзеянняў.

Кветкаводы вырошчваюць кветкі ў гаршках не толькі на падаконніках, але і захапляюцца дызайнам уласных садоў.

Пад дэвізам «Кветкі — гэта маладосць душы» раённы савет ветэранаў правёў агляд-конкурс сярод жыхароў раёна, якія вырошчваюць на сваіх участках яркія расліны.

Такі конкурс на Дзятлаўшчыне прайшоў упершыню, а яго вынікі падвялі з надыходам халадоў.

У Наваельні лідарам стала Ніна Гранкоўская. Па словах Ніны Пятроўны, яна захапляецца кветкаводствам з дзяцінства. З 10 гадоў яна пачала селекцыю вяргіняў. Мама не дазваляла юнай натуралістцы саджаць кветкі каля дома, таму дзяўчынка вырошчвала кветкі цішком у хвойніку.

Цяпер у Ніны Пятроўны 10 сартоў вяргіняў, якія яна вырасціла ўжо каля свайго дома. Кожная мае ўласнае імя і названа ў гонар родных кветкавода.

У Наваельні жыве яшчэ адна прыхільніца кветак Галіна Булыгіна. Участак яе дома ўпрыгожваюць рознакаляровыя гладыёлусы, пышныя ружы і іншыя кветкі.

А ў двары Аліна Налівайка ўсё лета і пачатак восені пераважалі ружовыя і чырвоныя колеры. Вакол дома — амаль батанічны сад, які гаспадыня старанна даглядае.

Жанчынам за іх працу, любоў да прыроды і ўдзел у конкурсе падзякавалі старшыня Наваельнянскага сельсавета Ірына Кунахавец, старшыня Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Леанід Кашко і сакратар савета ветэранаў Ядзвіга Гушча.

Хатні «кветкавы рай» арганізоўваюць і жыхары раёна Лілія Санцэвіч, Валянціна Васько, Алена Гоман, Ганна Даргевіч, Валянціна Варабей, Валянціна Емяльянчык, Марыя Татарчык, Іван Конан, Мірон Шмыгіра, Таццяна Губар, Галіна Пятчыц.

Ад Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў яны таксама атрымалі прыемныя падарункі.

Ю. БАКУНОВІЧ
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *