Адгрузка буракоў на станцыі «Наваельня»

Падзеі

Сельгаспрадпрыемствы раёна капаюць цукровыя буракі. Сёлета ў раёне іх вырошчвалі на 1279 гектарах, з 894 гектараў, што склала на 18 кастрычніка 70 працэнтаў, салодкія карані выкапаны. Дзве гаспадаркі – КСУП “Вензавец” і “Дварэц-Агра” – копку буракоў завяршылі. “Вензавец” ужо і вывез увесь ураджай – 2651 тону.

Вываз цукровых буракоў на станцыю “Наваельня” адбываецца па графіку. У дзень, калі мы наведалі станцыйную грузавую пляцоўку, буракі адгружалі КСУП “Войневічы” і ААТ “Граніт-Агра”. Дзень пасля шэрагу даджлівых стаяў цёплы і сонечны, што відавочна радавала прыёмшчыка прадукцыі Анатоля Гардзейчука. Ён працуе аграномам-інспектарам на Жабінкаўскім цукровым заводзе, на перыяд адгрузкі ўраджаю сельгаспрадпрыемствамі выязджае на прыёмныя пункты для кантролю за прыёмкай, адгрузкай, афармлення суправаджальных прадукцыю дакументаў.

– Працуем, як бачыце, “з колаў”, але ні ў адзін дзень у нас не было адмаўлення ад пададзеных чыгункаю вагонаў. Напружаная сітуацыя была тыдзень – з 10 па 16 кастрычніка: пад’язныя шляхі да буртоў у палях размоклі, аўтамабілі гразлі, ламаліся. Але мы ў няпростай сітуацыі ўсё-такі справіліся – штодзень адгружалі па 18 вагонаў. Хацелася б, вядома, мець на грузавой пляцоўцы запас прывезенай прадукцыі, каб адчуваць сябе спакайней.

Дастаўку буракоў з поля на станцыю робіць аўтатранспарт Дзятлаўскай сельгастэхнікі і Наваельнянскага міжрайаграпрамзабеспячэння. У КСУП “Войневічы” знайшлі магчымасць падключыць для вывазкі буракоў і свой транспарт.

Надвор’е радавала, і работа на грузавой пляцоўцы спорылася. Раз за разам, пераадольваючы даволі-такі разбіты, гразкі пад’язны шлях да грузавой пляцоўкі, прыбывалі 20-тонныя МАЗы. Вось чарговы МАЗ Генадзя Клімца з “Сельгастэхнікі” выгрузіў буракі. Буйныя, чыстыя, ніводнай зялёнай сцяблінкі. Адразу відаць якасная работа буракаўборачнага камбайна – ён правільна адрэгуляваны. Адкуль прадукцыя? З ААТ “Граніт-Агра”. Дарэчы, ў “Граніце” самая высокая ўраджайнасць каранёў – па 600 цэнтнераў з гектара. Сярэдняя па раёне – 434.

Анатоль Гардзяйчук, між іншым, адзначыў, што засмечанасць цукровых буракоў з сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна – самая нізкая ў вобласці, менш за 7 працэнтаў. Для параўнання скажу, што ў некаторых раёнах даходзіць ледзь не да 13. Чым меншая засмечанасць, тым меншая зніжка з цаны. Якасць сыравіны павялічвае даход яе вытворцы.

Шафёр МАЗа Генадзь Клімец даставіў чарговую партыю буракоў.

Загрузка вагонаў франтальным пагрузчыкам.

Прыёмшчык буракоў на станцыі аграном-інспектар Анатоль Гардзяйчук.

Загружаныя вагоны пададзены для фарміравання саставу на Жабінку.

Б. Варна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *