У будні і святы на варце правапарадку
Опубликовал

У будні і святы на варце правапарадку

29 кастрычніка 2017 года 65-годдзе з дня заснавання службы адзначае Дэпартамент аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Гэта адно з самых мабільных і тэхнічна забяспечаных міліцэйскіх падраздзяленняў.
Аб службовых буднях супрацоўнікаў Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь карэспандэнтцы газеты «Перамога» расказаў начальнік аддзела Д. Харошка.

Дзмітрый Іванавіч, з якімі вынікамі службовай дзейнасці сустракаеце прафесійнае свята?

— Наш аддзел ахоўвае 255 аб’ектаў рознай формы ўласнасці. Асабовы састаў узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы сёлета ўдзельнічаў у раскрыцці 9 злачынстваў, нашымі супрацоўнікамі выяўлены 560 адміністрацыйных правапарушэнняў.

Раскажыце аб тэхнічнай забяспечанасці аддзела.

— Мы крочым у нагу з часам. Пульт цэнтралізаванага назірання нашага аддзела абсталяваны аўтаматызаванай сістэмай ахоўнай сігналізацыі «Алеся», якая працуе па правадных лініях сувязі і праз сотавую сувязь. Сярод тэхнічных навінак, укаранёных апошнім часам, — оптавалаконная сувязь. Перавагі выкарыстання аптычных валокнаў для ліній сувязі абумоўлены тым, што аптычнае валакно забяспечвае высокую абароненасць ад несанкцыянаванага доступу, нізкае згасанне сігналу пры перадачы інфармацыі на вялікія адлегласці, надзвычай высокую хуткасць яе перадачы.
Усе службовыя аўтамабілі ў нас абсталяваны навігацыйнымі маніторынг-сістэмамі, што дазваляе адсочваць рух групы нарада затрымання па горадзе, выбіраць аптымальныя маршруты для хуткага прыбыцця па сігнале трывогі.

Як часта міліцыі аховы даводзіцца выязджаць па трывозе?

— Звычайна 2-3 разы за суткі. У перадсвяточныя дні і па пятніцах выклікаў можа паступіць больш. Асабліва гэта характэрна для магазінаў з вялікай колькасцю пакупнікоў — «Еўраопт», «Дом гандлю», якія забяспечаны ручной сістэмай трывожнай сігналізацыі.

Дзмітрый Іванавіч, раскажыце пра калектыў і працоўныя поспехі.

— Наш калектыў зладжаны, надзейны, правераны часам. Тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, здольныя вырашаць любыя службовыя задачы. Прывяду некалькі прыкладаў. Сёлета ў маі да міліцыянера ўзвода міліцыі Сяргея Грыцука, які нёс службу па ахове банка, звярнулася наведвальніца. Яна паскардзілася, што згубіла грошы. Супрацоўнік праглядзеў відэа і ўстанавіў, што грошы ў пацярпелай скрала іншая жанчына. Вінаватая была прыцягнута да адказнасці.

У жніўні на баявым пасту па ахове вытворчага ўчастка «Парэцкі спіртзавод» ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь» знаходзіўся кантралёр Вячаслаў Франюк. У час навальніцы ён здзяйсняў абход і ўбачыў, як маланка ўдарыла ў спіртасховішча. Праваахоўнік выклікаў ратаўнікоў і правільна арганізаваў эвакуацыю работнікаў. Дзякуючы яго зладжаным дзеянням, ніхто не пацярпеў ад стыхіі.

Сёлета вашы супрацоўнікі прымалі актыўны ўдзел у моладзевым турзлёце?

— Так. Каманда нашага аддзела стала лідарам раённага этапу турыстычнага злёту для працоўнай моладзі, паспяхова прадставіла Дзятлаўшчыну на абласным этапе, прымала ўдзел у рэспубліканскім моладзевым турысцкім злёце. На святочным мерапрыемстве да 65-годдзя службы падзяку ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі атрымалі нашы супрацоўнікі, якія ўваходзілі ў склад каманды: камандзір узвода міліцыі Дзяніс Грынцэвіч, міліцыянеры-вадзіцелі групы затрымання ўзвода міліцыі Іван Валчкевіч, Аляксандр Лаўнік, Яўген Савашынскі, міліцыянер-кінолаг групы затрымання ўзвода міліцыі Віктар Жынко, міліцыянер узвода міліцыі Вераніка Ільюхіна, кантралёр на КПП падраздзялення вартавой аховы Дзмітрый Абрамчык.

Як аддзел аховы ўшаноўвае ветэранаў службы?

— Нядаўна віншавалі іх у Дзень пажылых людзей і Дзень маці, а таксама адзначалі грашовымі прэміямі. Да 65-годдзя службы яны таксама атрымалі прэміі. Ганаровымі граматамі савета ветэранаў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адзначаны Сяргей Гародка, Мікалай Бялоцкі, Мікалай Марук. Юбілейныя медалі «100 год міліцыі Беларусі» сёлета атрымалі Іван Бурэц, Мікалай Парфіновіч.

Мы ўзячныя нашым ветэранам за актыўнае супрацоўніцтва і ўдзел у жыцці калектыву.

Чаго жадаеце супрацоўнікам аддзела і ветэранам службы да свята?

— Моцнага здароўя, удачы, дабрабыту, ладу ў сем’ях. Супрацоўнікам, якія ў страі — плённай службы.

І. СТЫРНІК
Фота аўтара

0 0 379 27 Октябрь, 2017 Бяспека Октябрь 27, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *