Са святам, мамы!
Опубликовал

Са святам, мамы!

13 кастрычніка ў Цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся жанчыны, якіх аб’ядноўвае агульны статус. Яны — мамы.

Канцэрт, прысвечаны Дню маці, пачаўся з віншавальных слоў старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

Аляксандр Станіслававіч выказаў удзячнасць жанчынам, якія дораць жыццё, з’яўляюцца крыніцай любові і шчасця:

— Маці — гэта ўвасабленне святла і цяпла. Вельмі важна павышаць сямейныя каштоўнасці. Вырасціць і выхаваць чалавека, перадаць часцінку сваёй душы — адказная праца.

А. С. Бараноўскі падкрэсліў, што няма больш ганаровага абавязку, чым доўг маці, і асобна падзякаваў шматдзетным матулям і выхавальніцам дзяцей, якія засталіся без бацькоў.

Пасля выступлення старшыні раённага Савета дэпутатаў на сцэну запрасілі жанчын, якія могуць лічыць сябе па-сапраўднаму багатымі, таму што маюць шмат дзяцей. За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей  ордэнам Маці  ўзнагародзілі:

Святлану Белавус, лабаранта Дварэцкай сярэдняй школы;

Алену Залеўскую, аператара машыннага даення камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Вензавец»;

Людмілу Марчанка, кандытара Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства.

Кожная гераіня мае сваю прафесію, але ўсе яны шчыра адданыя сваёй сям’і.

Адказваць за сямейны ачаг, выхоўваць дзяцей ляжыць на плячах жанчыны, таму яе, безумоўна, можна назваць моцнай.

Моцныя жанчыны  Наталля Бялятка, Таццяна Андруцэвіч, Анастасія Аўсянік (у кожнай — па трое дзяцей), Наталля Клюкач, Святлана Татадарэнка, Алена Сухецкая (кожная — матуля чацвярых дзяцей), Ганна Муха (пяцёра дзяцей), Людміла Максімчык (шасцёра дзяцей) на сцэне атрымалі ад кіраўнікоў  арганізацый, дзе працуюць, кветкі і падарункі.

Мама — важны чалавек для кожнага. Асабліва ў яе падтрымцы маюць патрэбу дзеці з пэўнымі хваробамі. Мамам, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, у святочнай зале выказалі падзяку за клопат аб няпростых дзяўчынках і хлопчыках. Увагай былі ўдастоены Святлана Балтрукевіч, Ала Івашэвіч, Іна Андалюкевіч.

Вялікую павагу заслугоўваюць мамы, якія для сваіх дзяцей з’яўляюцца прыёмнымі. У зале прысутнічалі Марына Шэлег і Ліна Мынко. Яны прынялі ў свае сем’і дзяцей з дзіцячых дамоў, дораць сваім «кветкам жыцця» матчыну любоў і цяпло.

Лепшыя пажаданні гэтым жанчынам выказала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Алена Жадзейка.

Для некаторых прадстаўніц слабага полу бягучы год стаў цікавым, таму што  ў спісы шматдзетных сем’яў Дзятлаўшчыны цяпер уключаны іх прозвішчы. У 2017-м сталі мамамі Наталля Авярчук, Ганна Сямашка, Вольга Хінько, Таццяна Ваўчок, Марыя Маркевіч, Іна Гулевіч. Яны ўзнагароджаны радасцю мацярынства, а дапоўніць іх настрой віншаваннямі і падарункамі выйшлі на сцэну прадстаўнікі арганізацый, дзе працуюць гэтыя шчаслівыя жанчыны.

Дзень маці называюць святым. Гэта не дарэмна, паколькі 14 кастрычніка адзначаецца Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Да жанчын з віншаваннямі звярнуліся Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, протаірэей Мікалай Пінчук і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Здзіслаў.

Выказваць свае пачуцці да той, якая падарыла жыццё, можна ў любы дзень. Але ў сваё «прафесійнае» свята жанчыны-маці вартыя асаблівай увагі. Работнікі Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама навучэнцы гарадскіх школ сваімі канцэртнымі нумарамі павіншавалі не толькі прысутных у зале, але і ўсіх жанчын раёна, другое імя якім — Мама.

 

Ю. Бакуновіч
Фота аўтара

3 комментария

  1. Серёга

    Поздравляем с заслуженными наградами! Здоровья деткам.

    Ответить
  2. Иван

    Все многодетные мамы — очень красивые женщины. Молодцы!

    Ответить
  3. Nina

    Интересно, по какому принципу мамочек выбирали. Что-то известной дятловчанам ведущей концертов, певице Анастасии Голуб никто ничего не подарил, на сцену не вызвали, а ведь она тоже в этом году родила третьего ребеночка. Работники центра культуры всех мам поздравляли, а их коллега осталась не у дел.

    Ответить

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *