Судмедэкспертыза — аснова крымінальнай справы
Опубликовал

Судмедэкспертыза — аснова крымінальнай справы

17 кастрычніка ў Дзятлаве прайшлі прыём грамадзян і «Прамая лінія» з намеснікам начальніка ўпраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў па Гродзенскай вобласці, галоўным дзяржаўным судова-медыцынскім экспертам па Гродзенскай вобласці Уладзімірам Лайковым.

У. Лайкоў адказаў на пытанні дзятлаўчан, даў прафесійную кансультацыю. Так, жыхарка Дзятлаўскага раёна звярнулася на «Прамую лінію» з пытаннем аб пераглядзе прычыны смерці яе дачкі. Уладзімір Мікалаевіч растлумачыў магчымасці камітэта судовых экспертызаў, паабяцаў вывучыць архіўныя дакументы па гэтай справе і ў выпадку, калі ўзнікне неабходнасць, праінфармаваць яе пісьмова.

Таксама Уладзімір Лайкоў адказаў на пытанні карэспандэнткі «Перамогі».

Уладзімір Мікалаевіч, чым займаюцца судова-медыцынскія эксперты?

— Задачы, якія вырашаюць судовыя медыкі Гродзеншчыны, вельмі разнастайныя. Акрамя даследаванняў трупаў, з якімі ў асноўным у людзей і асацыіруецца наша дзейнасць, судовыя медыкі праводзяць экспертызы па ўстанаўленні ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў. Такія экспертызы праводзяцца для грамадзян, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні ў дарожна-транспартных здарэннях, на вытворчасці, у побыце.

Цяпер атрымалі вялікае развіццё генетычныя даследаванні. Яны дазваляюць устанавіць па біялагічных слядах (крыві, сліне, поце) прыналежнасць той ці іншай асобы да здзяйснення злачынства. Асабліва неабходны такія экспертызы ў тых выпадках, калі адпячаткаў пальцаў на месцы злачынства няма. Дакладнасць вынікаў экспертызы складае каля 99,99%.

Высновы медыцынскіх крыміналістаў дапамагаюць устанавіць прылады злачынства, а па слядах крыві на прадметах і вопратцы можна рэканструяваць падзею.

Таксама важная дзейнасць судова-медыцынскіх экспертаў-хімікаў пры падазрэннях на атручэнне.

Эксперты-гістолагі высвятляюць даўнасць нанясення пашкоджанняў, што вельмі важна для ўстанаўлення ісціны па справе. А гістолагі выяўляюць захворванні, якія пры жыцці былі ў чалавека.

Якія паслугі вы аказваеце непасрэдна насельніцтву?

— Некаторыя віды экспертызаў могуць быць праведзены па заявах грамадзян. Такія даследаванні платныя. Найбольш часта людзі звяртаюцца з мэтай устанаўлення характару і ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў, пры атрыманні траўмаў у побыце або пры ўзнікненні страхавых выпадкаў (напрыклад, пры траўмаванні ў транспарце). Грамадзяне звяртаюцца для правядзення судова-псіхіятрычных даследаванняў перад заключэннем здзелак, звязаных з маёмасцю. Прывяду такі прыклад. Маці дзвюх дачок адпісвае свой дом толькі адной з іх. Другая дачка пачынае судовую справу, спрабуе даказаць, што на момант падпісання завяшчання маці не магла разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. У дадзеным выпадку псіхіятры могуць правесці экспертызу на здольнасць заключаць дагавор. Судова-псіхіятрычныя падраздзяленні працуюць у Гродне, Лідзе і Слоніме.

Цяпер папулярная экспертыза сваяцтва, або, іншымі словамі, устанаўленне бацькоўства. Да сярэдзіны 2014 года такое пытанне можна было вырашыць толькі ў Мінску. Сёння гэта робіцца і ў Гродне. Яшчэ ў гэтым годзе мы першымі ў рэспубліцы пачалі даследаваць нырачныя камяні. Гэта досыць запатрабаваная экспертыза. Вынікі яе вельмі важныя пры падборы лячэння нырачнакаменнага захворвання.

Куды трэба звяртацца дзятлаўчанам па пытаннях правядзення экспертызаў?

— З пісьмовымі заявамі на правядзенне экспертызаў можна звярнуцца да начальніка Слонімскага міжраённага аддзела дзяржкамітэта судмедэкспертызаў Сяргея Дарыпапы або ў сектар судова-медыцынскіх экспертызаў, які знаходзіцца на тэрыторыі Дзятлаўскай ЦРБ.

Ці можна сцвярджаць, што экспертыза сёння — аснова крымінальнай справы?

— Дакладна, гэта так. Ні адзін суд не вынесе абвінаваўчы прысуд, калі ў справе няма заключэння эксперта. Часам па адной справе выконваюцца дзясяткі судовых экспертызаў рознага віду. Нярэдка менавіта заключэнне эксперта з’яўляецца асновай для рашэння суда. Хачу звярнуць увагу, што пры правядзенні экспертызы эксперт з’яўляецца працэсуальна незалежным. Ён не зацікаўлены ў выніку справы і нясе крымінальную адказнасць за дачу заведама няправільнага заключэння.

На фотаздымку Уладзімір Лайкоў

Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара

0 0 89 20 Октябрь, 2017 Сацыяльная сфера Октябрь 20, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *