Скарб сям’і Белавус — тры сыны, дзве дачкі
Опубликовал

Скарб сям’і Белавус — тры сыны, дзве дачкі

Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 кастрычніка 2017 года №357 «Аб узнагароджанні», ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей адзначаны 164 жанчыны з розных рэгіёнаў нашай краіны. У ліку ўзнагароджаных тры шматдзетныя матулі з Дзятлаўскага раёна: аператар машыннага даення КСУП «Вензавец» Алена Тадэвушаўна Залеўская, лабарант Дварэцкай сярэдняй школы Святлана Аляксандраўна Белавус, кандытар Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Людміла Мікалаеўна Марчанка.
Напярэдадні Дня маці карэспандэнтка газеты «Перамога» пабыла ў шамтдзетнай сям’і Белавус і даведалася ў Святланы Аляксандраўны, як гэта — быць мамай трох сыноў і дзвюх дачок.

— Я чалавек дамашні, люблю праводзіць час у сям’і, люблю клапаціцца аб дзецях, — прызналася жанчына. — Наогул, лічу, што дзетак шмат не бывае, і любіш іх усіх аднолькава — і дарослых, і маленькіх.
Сама Святлана таксама гадавалася ў шматдзетнай сям’і, родам яна з Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, а на Дзятлаўшчыну пераехала пасля замужжа.

Скончыўшы дзесяцігодку, дзяўчына вырашыла накіравацца ў сталіцу, дзе марыла атрымаць педагагічную адукацыю. Аднак паступіць адразу не ўдалося. Родныя, якія жылі ў Мінску, параілі не губляць часу дарэмна і падаваць дакументы ў паліграфічнае вучылішча (цяпер — Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж паліграфіі імя В. Харужай). Вучыцца там спадабалася, з’явіліся новыя планы на жыццё. І калі б на той час хто-небудзь сказаў юнай амбіцыёзнай Святлане, што ажыццявіць іх не ўдасца, яна б вельмі пакрыўдзілася.

У час вучобы Святлана пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам, студэнтам інстытута фізічнай культуры. Маладыя людзі сябравалі два гады. Увесь гэты час Святлана спрабавала даказаць будучай другой палавінцы, што настроена выключна на вучобу, мае вялікія планы. Аляксандр гэта выслухоўваў, прымаў да ўвагі, аднак… Юнак прапанаваў сваёй мэтанакіраванай дзяўчыне руку і сэрца. І ў рэшце яна прыняла прапанову.

Пасля вучылішча Святлана адпрацавала год у мінскай друкарні, затым нарадзіўся першынец Жэня. Аляксандру таксама прыспеў час вяртацца на Дзятлаўшчыну: тут ён браў накіраванне на вучобу ў калгасе «Новае жыццё». Так маладая сям’я пераехала са сталіцы ў раён.
Муж спачатку працаваў у калгасе інструктарам па спорце, потым аддзел адукацыі прапанаваў яму работу. Аляксандр настаўнічаў у Жукоўшчыне, Гезгалах, Малых Шастаках.

Святлана ўсё яшчэ не губляла надзеі праз некаторы часчас вярнуцца ў сталіцу, прадоўжыць кар’ёру. Але нарадзіўся другі сын, Павел, які хварэў на алергію, і гэта замарудзіла вяртанне сям’і ў Мінск. Да таго ж Белавусам пашчасціла атрымаць кватэру ў Гезгалах, дзе яны і затрымаліся на 18 гадоў.
Святлана пяць гадоў працавала ў пральні гразелячэбніцы санаторыя «Радон», дзесяць гадоў — лабарантам у Жукоўшчынскай школе. Падрасталі сыны, але вельмі хацелася яшчэ і дачушку. Трэцім у Белавусаў нарадзіўся Арцём.

Сям’я расла, таму пабудавалі кааператыўную кватэру ў Дзятлаве і пераехалі ў райцэнтр. Ужо тут нарадзіліся малодшыя дзеці — доўгачаканыя дочкі Аляксандра і Насця.
Пра тое, што сталі шматдзетнымі, Святлана Аляксандраўна не шкадуе, толькі крыху засмучаецца, што не пераехалі ў вялікі горад, што не рэалізавала сябе ў прафесіі, затое мару жанчыны рэалізоўваюць яе старэйшыя дзеці.

Яўген атрымаў вышэйшую адукацыю, працуе ў Мінску энергетыкам у прыватнай фірме, устанаўлівае сонечныя батарэі па ўсёй Беларусі. Павел адвучыўся ў БНТУ на інжынера спартыўных збудаванняў, другую спецыяльнасць — настаўніка фізічнай культуры — атрымаў завочна, летась скончыў яшчэ і магістратуру, збіраецца ў аспірантуру.

— Я мару, каб усе мае дзеці выраслі годнымі людзьмі, атрымалі вышэйшую адукацыю, якая сёння запатрабавана, — расказвае Святлана Аляксандраўна. — За старэйшых ужо спакойная: яны знайшлі сябе, выраслі працавітымі і самастойнымі. Наогул, гэта пазітыў шматдзетных сем’яу, што дзеці растуць больш самастойныя, прыстасаваныя да жыцця, з дзяцінства клапоцяцца аб малодшых братах і сёстрах.

Я строгая мама, патрабую ад усіх парадку і дысцыпліны, а вось тата можа крыху і папесціць дзяцей, набыць ім ласункі, на якія мною накладзена табу, напрыклад, марожанае ў халодны сезон.

Мне пашанцавала з мужам: ён добры сем’янін, хаця апошнім часам усё больш «прападае» на рабоце, бо працуе дырэктарам Дварэцкай школы. Вядома, гэта ўплывае на сямейныя планы: у сезон мы не так часта можам выбрацца на дачу і ў лес, як рабілі гэта раней. Але, працуючы ўсе разам, спраўляемся з ураджаем і нарыхтоўкамі.

Паспявае Святлана Белавус выдзеліць крыху часу на свае захапленні, якія, дарэчы, карысныя для сям’і. Жанчына любіць займацца рукадзеллем: спіцамі і кручком вяжа шкарпэткі, рукавіцы, шапкі, кофты. А марыць пра ўласны дом, каб выйшаў на двор — і вось табе агарод, вось табе зона адпачынку, кветнік, бо дабірацца да дачы трэба 18 кіламетраў.

Шматдзетная матуля лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ў іх з мужам ёсць неацэнны скарб — трое сыноў і дзве дачушкі. А сёлетняй восенню ўдача зноў усміхнулася Святлане Аляксандраўне: на пакупках у «Еўраопце» яна выйграла тысячу рублёў, а цяпер яшчэ ўганаравана ордэнам Маці.

Жанчынам-маці раёна да свята шматдзетная матуля жадае здароўя, здаровых дзетак, сямейнага дабрабыту, дастатку і не баяцца нараджаць дзяцей.

І. КАЎКЕЛЬ

9 0 240 12 Октябрь, 2017 Сацыяльная сфера Октябрь 12, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *