Праходжанне медаглядаў
Опубликовал

Праходжанне медаглядаў

Абзацам 1 артыкула 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана, што грамадзянам нашай краіны гарантаваны права на працу, як найбольш дастойны спосаб самарэалізацыі чалавека, а таксама здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Артыкул 45 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на ахову здароўя.

Згодна з часткай 1 артыкула 228 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь для забеспячэння бяспекі працы, папярэджання прафесійных захворванняў і ў мэтах аховы здароўя насельніцтва, наймальнікі абавязаны арганізоўваць правядзенне папярэдніх (пры паступленні на работу) і перыядычных (на працягу працоўнай дзейнасці) медыцынскіх аглядаў работнікаў, занятых на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, або на работах, дзе паводле заканадаўства ёсць неабходнасць у прафесійным адборы, а таксама ў пазачарговым медыцынскім аглядзе пры пагаршэнні стану здароўя работніка.

У верасні 2017 года пракуратура раёна правяла наглядную праверку выканання наймальнікамі галіны аграпрамысловага комплексу заканадаўства, якое рэгулюе арганізацыю і правядзенне абавязковых медыцынскіх аглядаў работнікаў адпаведнай катэгорыі. Вынікі праверкі паказалі, што не ўсе наймальнікі сельскагаспадарчай галіны гэтыя патрабаванні выконваюць належным чынам. Устаноўлена, што ў правераных сельгасарганізацыях пераважна арганізаваны медагляды работнікаў, якія паступаюць на работу. Аднак ёсць факты, калі наймальнікі прымалі на працу работнікаў, якія толькі пасля афармлення працоўных адносінаў праходзілі медыцынскія агляды. Так, грамадянін К. 4 жніўня 2017 года прыняты на работу ў КСУП «Русь-Агра» аператарам сушыльнай устаноўкі. У гэты ж дзень наймальнік выдаў яму накіраванне для праходжання медыцынскай камісіі ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, як работніку, які паступае на работу. Фактычна К. прыступіў да работы 5 жніўня 2017 года, а медыцынскае асведчанне прайшоў толькі 7 жніўня.

У КСУП «Вензавец» грамадзянін З. прыняты на работу 12 ліпеня 2017 года слесарам сельскагаспадарчых машын і абсталявання, аднак медыцынскую камісію ён прайшоў толькі 17 ліпеня 2017 года. Акрамя таго, адказнымі асобамі гэтага сельгаспрадпрыемства трактарыст-машыніст М. (прыняты на работу 7 жніўня 2017 года), аператары збожжасушыльнага комплексу Г. і М. (прыняты на работу 12 ліпеня 2017 года) на праходжанне папярэдняй медыцынскай камісіі наогул не накіроўваліся.

Пераважна ў арганізацыях захоўваецца перыядычнасць праходжання работнікамі медаглядаў, але здараюцца і парушэнні. Напрыклад, адпаведна зацверджанаму на 2017 год графіку комплекснага медыцынскага агляду для работнікаў, якія працуюць у шкодных умовах, работнікаў малочнатаварных фермаў, жывёлаводаў КСУП «Русь-Агра», неабходна было даставіць у Дзятлаўскую цэнтральную раённую бальніцу для праходжання перыядычнага медагляду 255 работнікаў, якія працуюць у шкодных умовах, і 33 работнікі, якія працуюць у нармальных умовах. Тым не менш, на момант праверкі з названай колькасці толькі 21 чалавек прайшоў перыядычны медагляд. Аналагічныя парушэнні ўстаноўлены ў КСУП «Слава працы» і «Вензавец».

Выяўлены факты, калі работнікі праходзяць перыядычныя медыцынскія агляды па-за зацверджанымі тэрмінамі. Так, у КСУП «Вензавец» вызначаны тэрмін такога агляду — з 1 па 6 сакавіка 2017 года. Аднак шэраг работнікаў гаспадаркі прайшлі яго пазней на 2 а то і 3 тыдні (4 аператары машыннага даення — 22, 27, 30 сакавіка).

У сувязі з выяўленымі парушэннямі заканадаўства аб абавязковых медыцынскіх аглядах работнікаў пракуратура раёна ўнесла прадстаўленне начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

А. ЮРКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

0 0 196 19 Октябрь, 2017 Бяспека Октябрь 19, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *