Печ патрабуе догляду
Опубликовал

Печ патрабуе догляду

З пачатку года ў Дзятлаўскім раёне зарэгістравана 4 пажары, звязаныя з эксплуатацыяй цеплаагрэгатаў. Прычынай пажараў становяцца парушэнні правілаў эксплуатацыі печаў, мантажу або канструктыўныя недахопы пры іх будове.

З пачаткам ацяпляльнага сезона колькасць здарэнняў з-за парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры выкарыстанні печаў павялічваецца. Асаблівую ўвагу падрыхтоўцы да халадоў неабходна надаць жыхарам прыватнага жылога сектара, у чыіх дамах ёсць печы.

Перад пачаткам сезона кожную печ, а таксама сценавыя дымавыя каналы ў межах памяшкання і дымавыя трубы на гарышчы неабходна пабяліць. Робіцца гэта для таго, каб на белым фоне можна было заўважыць расколіны, якія з’яўляюцца з часам. Неабходна праверыць стан дымавых трубаў, ачысціць іх ад сажы. Коміны печаў павінны чысціцца не радзей аднаго разу ў два месяцы на працягу ацяпляльнага сезона.
На падлозе перад дзверцамі печы павінен быць прыбіты металічны ліст памерам 50 на 70 сантыметраў. Калі вугольчык выпадзе на такі ліст, бяды можна будзе пазбегнуць.

Памятайце, што забараняецца:
• распальваць няспраўныя печы;
• распальваць печы пры дапамозе лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў;
• выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі;
• сушыць і класці на печы на адлегласці менш за 1,25 м ад топачных адтулінаў паліва, адзенне і іншыя лёгкаўзгаральныя рэчывы і матэрыялы;
• паліць печ з адкрытымі дзверцамі;
• пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду ў доме, дзе паліцца печ.

Акрамя таго, у моцныя халады печ трэба паліць некалькі разоў на дзень.
Гэта дазволіць пазбегнуць яе перагрэву і з’яўлення расколінаў. Попел, шлак, вугаль варта выкідаць у спецыяльна адведзенае месца на адлегласці не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў. Паліць печ неабходна за дзве-тры гадзіны да сну.

Бяспечныя прылада пячнога ацяплення
Печ павінна мець асобны фундамент і не датыкацца да драўляных канструкцый. Трэба пакідаць паміж імі паветраны прамежак.

Печ і дымавая труба ў месцах злучэння з драўлянымі перакрыццямі павінны мець патаўшчэнне цаглянага мура або раздзелку. Мур печы павінен быць без расколінаў і шчылінаў, а ў коміне павінна быць добрая цяга.

Памятайце, што нельга:
— убудоўваць у паддахавых памяшканнях гарызантальныя дымавыя боравы, а таксама адтуліны для чысткі дымавых каналаў;
— выкарыстоўваць для мура печаў і комінаў сілікатную цэглу (за выключэннем трубаў вышэй даху);
— выкарыстоўваць для дымавых пячных трубаў керамічныя, азбестацэментныя і металічныя трубы. У выпадку, калі комін зроблены з такіх матэрыялаў, трубу неабходна абкласці глінянай цэглай у межах паддахавай прасторы і вывесці цагляны мур вышэй за пакрыцце даху на 5-7 вянкоў.
— выкарыстоўваць вентыляцыйныя і іншыя каналы ў якасці комінаў печаў.

Перад пачаткам ацяпляльнага сезона коміны і печы павінны быць ачышчаны ад сажы. Наступная іх ачыстка робіцца не радзей:
аднаго разу ў 3 месяцы — для ацяпляльных печаў;
аднаго разу ў 2 месяцы — для печаў і ачагоў бесперапыннага дзеяння;
аднаго разу ў 1 месяц — для кухонных пліт і іншых печаў бесперапыннай (доўгачасовай) топкі.

Памеры раздзелаў печаў і дымавых каналаў з улікам таўшчыні сценкі печы варта прымаць роўнымі 380 мм да канструкцый будынкаў з гаручых матэрыялаў і 250 мм — да абароненых канструкцый. Абарона такіх канструкцый можа выконвацца тынкоўкай таўшчынёй 25 мм па металічнай сетцы або негаручым ліставым ці плітачным матэрыялам па негаручым ўцяпляльніку таўшчынёй 10 мм.

Мінімальная адлегласць ад вонкавай паверхні печы або дымавога канала (трубы) да сцяны або перагародкі павінна складаць не менш за 100 мм пры таўшчыні сценкі печы не менш за 120 мм.

А. БЕЛЕНКА,
інспектар Дзятлаўскага РАНС

0 0 224 15 Октябрь, 2017 Здарэнні Октябрь 15, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *