Мамы пра сваіх мам
Опубликовал

Мамы пра сваіх мам

Усё найлепшае ў жыцці чалавека — ад матулі. Гэта яна песціла, лашчыла нас, спявала калыханкі, абараняла ад бяды, давала мудрыя парады. У дзяцінстве матуліны словы прымаеш і запамінаеш, але іх глыбінны сэнс, іх стваральную сілу пачынаеш разумець значна пазней, калі становішся дарослай, калі нараджаюцца ўласныя дзеці. Цяпло таго нязгаснага агеньчыка, які ў тваім сэрцы запаліла маці, ты перадаеш ім.

Напярэдадні Дня маці карэспандэнтка газеты «Перамога» пацікавілася ў жанчын нашага раёна, якую жыццёвую мудрасць перадалі ім мамы, чаму навучылі.

Вольга Бародзіч, начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама:

— Мая любімая, пяшчотная матуля Данута Станіславаўна Саўко заўжды была мудрай і моцнай. У жыцці здаралася рознае, але яна знаходзіла сілы зноў усміхнуцца, мацней абняць мяне, сказаць, што ўсё будзе добра.

Я хачу пажадаць сваёй маме і ўсім матулям бясхмарнага шчасця, радасці, усмешак, а мы, дзеці, заўжды будзем побач.

Мама навучыла мяне ставіць мэты і дасягаць іх, не адхіляючыся на што-небудзь іншае. Мэтанакіраванасць — гэта мой компас, які дапамагае трымаць правільны курс у жыцці. Таксама ад матулі мне дастаўся аптымізм, які дапамагае шукаць добрае ва ўсім. Разуменне, якое раскрывае сэнс людскіх учынкаў, вызваляе мяне ад крыўдаў, гневу, многіх іншых негатыўных эмоцый.

Жыццёвая мудрасць маёй матулі: «Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек — сям’ёй». Мама казала, што сям’я — галоўная чалавечая каштоўнасць. Я таксама ўпэўнена: якога ўзросту ні быў бы чалавек, дзе б ён ні жыў, якіх бы поглядаў ні прытрымліваўся — ён мае патрэбу ў сям’і. Спачатку ў той, дзе нараджаецца і расце, затым у той, якую стварае сам, дзе гадуе сваіх дзяцей.

І. КАЎКЕЛЬ

 

0 0 47 13 Октябрь, 2017 Сацыяльная сфера Октябрь 13, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *